ЧС. Партугальскі „файерверк”
Трэнер Партугаліі Фернанду Сантуш пайшоў на нечаканы крок і не выпусціў у стартавым складзе Крышціяну Раналду. Гэта апраўдала сябе на сто адсоткаў. Апошні матч 1/8 фіналу, у адрозненне ад папярэдняга, падарыў цэлы голавы файерверк. Пірэнейцы гулялі натхнёна і проста разграмілі швайцарскую дружыну з тэнісным лікам.
А героем сустрэчы нечакана стаў Гансалу Рамуш, які запісаў у гісторыю першы хет-трык на гэтым мундыялі. Першы мяч форварда быў проста шэдэўральным, а далей было таксама і эфектна і эфектыўна. Да Рамуша хет-трыкамі на чэмпіянатах свету з партугальцаў адзначаліся толькі Эўсебіа і Раналду. Варта адзначыць і 39-гадовага ветэрана Пепе, які галавой даслаў мяч у сетку.

Усё на што былі здольныя „крыжакі” у гэты вечар – гэта толькі гол прэстыжу.
Партугалія – Швайцарыя – 6:1 (Гансалу Рамуш, 17, 51, 67, Пепе, 33, Рафаэл Герэйра, 55, Рафаэл Леао, 90+2; Мануэль Аканджы, 58).
Такім чынам вызначыліся ўсе пары чвэрцьфіналістаў:
9 снежня сустрэнуцца Харватыя – Бразілія і Нідэрлянды – Аргенціна. Яны вызначаць першую пару паўфіналістаў.
10 снежня пазмагаюцца Марока – Партугалія і Англія – Францыя.
Беларускае Радыё Рацыя