Стадыя 1/8 фіналу на ЧС-2022 стала самай дзейснай у гісторыі турніру



На чэмпіянаце свету па футболе ў Катары завершылася стадыя 1/8 фіналу, якая стала самай выніковай у гісторыі мундыяляў.

У васьмі матчах першага раўнда плэй-оф было забіта 28 мячоў – гэта рэкорд з моманту ўвядзення плэй-оф на чэмпіянатах свету ў 1986 годзе (галы ў серыях пенальці пры гэтым не ўключаны). Самым багатым на галы апынуўся матч Партугалія – Швейцарыя, у якім было забіта 7 мячоў.

Стадыя чвэрцьфіналаў на мундыяле ў Катары стартуе 9 снежня матчамі Харватыя – Бразілія і Нідэрланды – Аргенціна. У суботу яшчэ два паўфіналісты турніру вызначацца ў парах Марока – Партугалія і Францыя – Англія.

Эдэн Азар аб’явіў аб завяршэнні кар’еры ў зборнай Бельгіі

Паўабаронца Эдэн Азар завяршыў кар’еру ў зборнай Бельгіі.

„Сёння пераварочваецца старонка… Дзякуй за вашу падтрымку. Дзякуй за ўсё тое шчасце, што мы дзялілі з 2008 года. Вырашыў завяршыць кар’еру ў зборнай. Замена ўжо гатовая. Я буду сумаваць”, — напісаў Азар у інстаграм. Эдэн Азар правёў 126 матчаў і забіў 33 галы за зборную Бельгіі.

Раналду пакуль адмаўляецца ад пераходу ў „Аль-Наср”

Нападнік зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду пасля перамогі над камандай Швейцарыі 6:1 у матчы 1/8 фіналу чэмпіянату свету адказаў на пытанне журналіста аб сваёй будучыні. Яго спыталі пра саўдаўскі „Аль-Наср”, з якім Раналду, паводле інфармацыі СМІ, прыйшоў да пагаднення аб кантракце на два з паловай гады з зарплатай у 200 млн еўра ў год.

Не, гэта няпраўда, – цытуе лаканічны адказ Раналду AS. Крышціяну пакуль не згаджаецца на пераход у саўдаўскі клуб, паколькі чакае прапановы ад удзельніка Лігі чэмпіёнаў.

Радзькоў пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Іслачы”

Арцём Радзькоў пакінуў „Іслач”. Кантракт з галоўным трэнерам скасаваны па пагадненні бакоў. У чэмпіянаце Беларусі-2022 „Іслач”, набраўшы 54 ачкі, фінішавала на пятым месцы.

„Спецыяліст узначаліў „ваўкоў” у студзені 2021 года. З яго прыходам футбольны клуб „Іслач” памяняў сваю філасофію, зрабіўшы акцэнт на працы з маладымі гульцамі і іх індывідуальным развіццём. Пад кіраўніцтвам Радзькова „Іслач” упершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў фінал Кубка Беларусі, а футбалісты выходзілі на новы ўзровень і станавіліся запатрабаванымі ў розных зборных. Па выніках адыходзячага года Арцём Радзькоў быў прызнаны лепшым трэнерам чэмпіянату Беларусі і ўзнагароджаны спецыяльным прызам на цырымоніі „Зорны мяч”.

Гальчанюк, выстаўлены „Каларада” на драфт адмоваў, нікому не спатрэбіўся

Амерыканскі нападнік з беларускімі каранямі Алекс Гальчанюк прайшоў непрыемную працэдуру драфту адмоў. „Каларада Эвеланш” змясціў яго ў адпаведны спіс, аднак Алекса ніхто не забраў, паведамляе інсайдэр Sportsnet Эліат Фрыдман у сваіх сацыяльных сетках. Такім чынам, клуб атрымаў магчымасць адправіць хакеіста ў АХЛаўскі „Каларада Іглз”.

28-гадовы Гальчанюк, з якім „Эвеланш” тыдзень таму падпісалі кантракт да канца сезона, правёў за каманду чатыры матчы ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ і не вызначыўся выніковымі дзеяннямі пры сукупным паказчыку карыснасці -3.

Чэмпіянат Беларусі па плаванні на кароткай вадзе стартаваў у Брэсце

У Берасцейскім абласным ЦАР па водных відах спорту стартаваў адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні на кароткай вадзе.

Гэты турнір у 25-метровым басейне з’яўляецца галоўным нацыянальным стартам сезона для беларускіх плыўцоў. Заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах падалі больш за 320 спартоўцаў, сярод якіх амаль усе мацнейшыя прадстаўнікі айчыннага плавання: Рыгор Пякарскі, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко, Анастасія Куляшова ды іншыя. Лідар мужчынскай каманды Ілля Шымановіч прапусціць турнір па стане здароўя.

Першыя камплекты ўзнагарод будуць разыграны сёння, вячэрняя праграма з дзесяццю фіналамі стартуе ў гэтыя хвіліны.

Беларускае Радыё Рацыя