Альгерд Бахарэвіч: Алесь Бяляцкі – асоба знаная
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч напярэдадні ўручэння Нобелеўскай прэміі міру разважае на тэму правоў чалавека ў Беларусі. Разам з расейскай арганізацыяй “Мемориал” і ўкраінскай “Центр громадськіх свобод” прэмія прысуджаная Алесю Бяляцкаму, стваральніку і кіраўніку праваабарончай ініцыятывы “Вясна”.

Альгерд Бахарэвіч: Я ведаю, што Алесь Бяляцкі – асоба знаная, чалавек, які звязаны і з праваабарончай дзейнасцю, і з літаратурай таксама, і з музеем Багдановіча, з такім важным для беларускай культуры 90-х месцам.
РР: Гэта другі беларускі Нобель за апошнія няшмат гадоў. Ты зараз жывеш у Аўстрыі на момант нашай размовы, у цябе будуць пытацца твае знаёмыя аўстрыйцы, у тым ліку літаратары, журналісты і іншыя людзі. Што гэта за Алесь Бяляцкі, чаму вось яму прэмія Нобеля? Што ты ім скажаш?
Альгерд Бахарэвіч: Пэўна, я б пачаў з таго, што гэта вось вельмі важная дзейнасць Алеся Бяляцкага не была як след ацэненая, мне здаецца, ні ў Беларусі, ні за мяжой. То бок нягледзячы на ўсё тое, што чалавек зрабіў, усе ягоныя дасягненні, на ягоную смеласць, на ягоную працавітасць, я б не сказаў, што ён настолькі вядомы чалавек як за межамі Беларусі, так і ў самой Беларусі. Мне вось цікава, чаму так атрымалася? Магчыма, рэч у ягонай нейкай сціпласці.
На жаль, не існуе нейкага такога вобразу Алеся Бяляцкага ў грамадскай прасторы, у медыйнай прасторы. То бок усе ведаюць, што чалавек ён адважны, што вельмі шмат зрабіў увогуле ў галіне правоў чалавека, што ён таксама і літаратар. Але вось інфармацыі пра яго мала. Я не ведаю, магчыма, сярод людзей, якія ў 90-х гадах і пазней з ім кантактавалі асабіста, магчыма, у іх такі вобраз ёсць, а вось у людзей майго пакалення, якія займаюцца тым самым, чым я, такога вобразу няма, на жаль, няма нейкага індывідуальнага вобразу.
РР: Вось ты выехаў у Беларусі, здаецца, у канцы 2020 года і ў асноўным ты жывеш у Нямеччыне, у Аўстрыі, вось наколькі я заўважыў
Альгерд Бахарэвіч: У асноўным мы з Юляй Цімафеевай жывём у Аўстрыі, але выступаем з вершамі, прозай, удзельнічаем у нейкіх дыскусіях па-за Аўстрыяй. І сапраўды, як правіла – гэта Нямеччына, але наша штаб-кватэра ў Аўстрыі ў Грацы.
РР: А ў гэтых краінах, дзе ты выступаеш, уяўляюць маштаб тэрору і глыбіню тэрору, які адбываецца ў Беларусі?
Альгерд Бахарэвіч: Тыя людзі, якія цікавяцца Беларуссю, якія мелі і маюць нейкія сувязі з Беларуссю, яны, безумоўна, цікавяцца, яны стараюцца чытаць усё, што выходзіць пра Беларусь, яны рэгулярна чытаюць навіны, яны сустракаюцца з беларусамі, якія выехалі, яны ведаюць. А калі браць людзей, для якіх Беларусь не з’яўляецца такой важнай тэмай, то цікавасці да гэтага мала.
Але я мушу сказаць, што ўсе мы, людзі культуры, якія з’ехалі і жывуць цяпер у эміграцыі, стараемся зрабіць усё магчымае. На кожным выступе мы расказваем пра рэпрэсіі і іх маштаб, пра цану, якую даводзіцца плаціць тым, хто застаўся ў Беларусі, за любую форму пратэсту. Бо гэта адна з праблемаў, што людзі проста на Захадзе не ўяўляюць, якая можа быць цана пратэсту. Ім здаецца, што пратэставаць у Беларусі можна, што магчымасці ёсць, а праблема ў пасіўнасці беларусаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя