Валянціна Мацяш: Я з імі змагалася да апошняга



З майстрам вытворчага навучання Белаазёрскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі Валянцінай Мацяш дырэктар Аляксандр Шымчук не працягнуў кантракт. Жанчыне заставалася няпоўных два гады да пенсіі.

Па законе яе звальняць нельга. Але за паўтара месяца ўляпілі тры заўвагі і вымову, можна сказаць ні за што і звольнілі, кажа Валянціна Мацяш:

– Са снежня 2021 года пачалі з райвыканкама, КДБ, хадзіць на працу і „цюкаць”, што мяне трэба звольніць. Яны цэлы год прапаноўвалі мне: „Пішы па асабістаму жаданню”. Ён са мной размаўляў можа з чатыры разы. Увесь час казаў: „З верху” кажуць, што цябе трэба звольніць.Ты або я”. Я кажу, што я пісаць нічога не буду. Я з імі змагалася да апошняга.

Валянціна Мацяш за 35 гадоў працы ў каледжы мела адны падзякі. Але ў 2020 прыйшлі з мужам пад выбарчы ўчастак пад час падліку галасоў. У мужа ў руках быў бел-чырвона-белы сцяг. Былі брутальна затрыманы міліцыянтамі, змешчаны ў ізалятар і асуджаны на „суткі” і вялікія штрафы.

Беларускае Радыё Рацыя