Яўген Вапа: Алесь Бяляцкі і Наталля Пінчук вельмі шмат зрабілі для беларускай справы



У нашым эфіры – старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, даўні сябра сям’і Бяляцкіх, які суправаджаў Наталлю Пінчук падчас Нобелеўскіх мерапрыемстваў у Осла.

РР: Мала хто ведаў, што Вам выпаў гонар суправаджаць Наталлю Пінчук.

Яўген Вапа: Згодна з правіламі Нобелеўскага камітэта, лаўрэат мае права запрасіць адну асобу, якая яго суправаджае. Паколькі Алесь, на жаль, знаходзіцца ў турме, ён, яго сям’я – жонка і сын – вырашылі, што з прычыны нашага даўняга і моцнага сяброўства, гонар быць даверанай асобай на ўручэнні давяраюць маёй сціплай асобе.

РР: Што ўваходзіць у Вашыя абавязкі?

Яўген Вапа: Я прысутны ўвесь час на ўсіх мерапрыемствах, на якіх прысутнічае спадарыня Наталля Пінчук. Толькі на сустрэчы з каралеўскай парай не прысутнічаў, бо там былі толькі лаўрэаты. Сёння ўжо з раніцы мы мелі вельмі напружаную праграму. Прадстаўнікоў Беларусі, Украіны, Расеі прымаў старшыня Нарвежскага парламенту Масуд Гарахані, была невялікая экскурсія па парламенце, адбылася парламентарная сустрэча з Камітэтам па замежных справах і абароне. Потым мы паехалі на сустрэчу з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Стэрэ. Падчас якой гаварылася пра Беларусь.

Спадарыня Наталля, я думаю, выконвала ролю пасла Незалежнай Дэмакратычнай Беларусі. Яе разуменне сітуацыі, падбор словаў, гэта штосьці неверагоднае. Таксама адбылася сустрэча ў МЗС Нарвегіі, дзе нас прымала міністр замежных спраў краіны – спадарыня Анікен Хюітфельд. І на тых сустрэчах, дзе няма прэсы, я таксама маю права прысутнічаць. Я раблю фотаздымкі, і гэтыя ўнікальныя здымкі ёсць на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Працую на карысць нашага радыё і ўсіх незалежных СМІ Беларусі. І сёння яшчэ наведаем Музей Мунка, адбудзецца ўрачысты канцэрт, прысвечаны Нобелеўскай прэміі міру. У Нобелеўскім камітэце будзе адкрыццё выставы. Праграма вельмі насычаная.

РР: Вы мелі магчымасць зблізу назіраць за тым, што адбывалася. Што, магчыма, менавіта вас зачапіла, здзівіла?

Яўген Вапа: Не схаваю, калі спадарыня Наталля чытала, я плакаў. Але хачу сказаць, што ўзрушанасць была вялікая ад яе выступу, бо хто сядзеў са мной побач, таксама выціралі слёзы, калі яна выступала. А потым яе віншавалі самыя знаныя асобы, і гаварылі менавіта, што ў іх цяклі слёзы ад таго, што пачулі. Для Беларусі, для беларускай справы прадстаўленне сітуацыі праз прызму свайго мужа спадарыня Наталля зрабіла вельмі выдатна.

І важна, што падчас цырымоніі прысутнічала Святлана Ціханоўская, і яна была на прэс-канферэнцыі, якую ўжывую вяла Аль-Джазіра. Ціханоўская была ў майцы з выявай Алеся Бяляцкага. Гэта была сугучнасць, еднасць. І гэта адчувалася і пра гэта казалі, што вы, беларусы, вельмі годна прэзентуеце праблемы Беларусі. І тут самая важная заслуга Алеся Бяляцкага і Наталлі Пінчук, якая гадамі падтрымлівала яго. І без яе падтрымкі Алесю было б вельмі цяжка.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array