Агляд прэсы: абмежаваць шкоду
Прэзідэнт Літвы назваў «пасткай» прапанову Беларусі аб транзіце ўкраінскага збожжа. Ядзернае скрыжаванне на сцежцы вайны. Віцэ-старшыня Еўрапарламента ўзята пад варту. Як развіваецца канфлікт Сербіі і Косава? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў «пасткай» прапанову Беларусі аб транзіце ўкраінскага збожжа праз сваю тэрыторыю. Як вядома, Беларусь на мінулым тыдні паведаміла Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, што дазволіць транзіт збожжа з Украіны на экспарт з партоў Літвы без папярэдніх умоў, але папрасіла дазволу на экспарт сваіх угнаенняў, якія зараз знаходзяцца пад санкцыямі», – піша літоўскае выданне Delfi.lt.
«Прэзідэнт назваў ініцыятыву Менска «старой песняй, якую мы чуем даволі даўно», заявіўшы, што Украіна таксама не давярае Беларусі. Як ёй верыць, калі яна дазваляе расейцам рабіць на сваёй тэрыторыі ўсё, што заўгодна? Паводле літоўскага МЗС, ніякіх прававых і палітычных перашкод для экспарту ўкраінскага збожжа пакуль не было. Яно можа прайсці праз Літву і іншыя парты Еўразвязу на камерцыйных умовах; а магло і праз Беларусь, калі б не былі задзейнічаныя суб’екты, якія трапілі пад санкцыі, але гэты маршрут камерцыйнымі структурамі пакуль не выкарыстоўваўся. У МЗС выключылі размову аб змякчэнні санкцый у дачыненні да Беларусі. Пры гэтым сам дазвол рэжыму Лукашэнкі транзіту праз Літву тавараў, якія трапілі пад міжнародныя санкцыі, парушыць інтарэсы нацыянальнай бяспекі Літвы», – папярэджвае літоўскае выданне.
«Удзельнікі Трэцяй антываеннай канферэнцыі, якая праходзіла ў Вільні 30 лістапада – 1 снежня, ужо пасля яе заканчэння адобрылі рэзалюцыю, сэнс якой можна коратка выказаць у наступных тэзісах. 1. Напад пуцінскай РФ на Украіну – не «рэгіянальны канфлікт, а глабальнае сутыкненне двух супрацьлеглых і несумяшчальных адзін з адным прынцыпаў светаўладкавання». 2. Агрэсіўнасць, імкненне да гвалту выцякаюць з самой прыроды рэжыму Пуціна. 3. Рэжым Пуціна не можа адмовіцца ад спроб легітымізацыі свайго права на анэксію, якая разбурае усю сістэму міжнародных адносін», – піша расейскае незалежнае выданне Graniru.
«З аднаго боку, лідары вядучых заходніх краін заяўляюць, што мір можа быць адноўлены толькі пасля адыходу РФ з акупаваных ёю тэрыторый. З іншага боку, яны захоўваюць недаказанасць у пытанні аб шляхах дасягнення такога міру. Але не могуць вызваленне захопленых украінскіх тэрыторый і недапушчэнне ваеннага сутыкнення з РФ быць галоўнымі мэтамі адначасова. Больш чым верагодная сітуацыя, калі для дасягнення адной з гэтых мэт давядзецца ахвяраваць і другой. Пытанне ў тым, якой. Варыянт першы. Крэмль здзяйсняе ва Украіне нешта такое, пасля чаго краіны НАТА ўжо не могуць не ўмяшацца напрамую. Варыянт другі. НАТА не паддаецца на шантаж, і ў нейкі момант дапамога Украіне становіцца для Крамля настолькі невыноснай, што ён сам першы атакуе нейкія натаўскія аб’екты. Сур’ёзнай шкоды сілам НАТА гэтыя атакі не прычыняць, але альянс не зможа не адказаць. І вось далей маячыць «апошні аргумент» Крамля – пагроза прымянення ядзернай зброі, бо ядзерная дзяржава не можа прайграць рэгіянальную вайну. Аднак камусьці давядзецца прайграць», – рэзюмуе расейскае незалежнае выданне.
Еўрапейскі парламент апынуўся ў цэнтры найбуйнейшага карупцыйнага скандалу ў сваёй гісторыі: у дачыненні да аднаго з намеснікаў старшыні парламента, дэпутаткі ад Усегрэцкага сацыялістычнага руху Евы Кайлі, выстаўлены абвінавачанні ў атрыманні буйных грашовых сум ад Катара ў якасці аплаты за аказанне ўплыву на рашэнні, якія прымаюцца Еўразвязам.
Разам з пяццю іншымі падазраванымі Кайлі была затрымана і змешчана ў следчы ізалятар. Арыштаваным ставіцца ў віну атрыманне і дача хабараў. Прэса кіпіць ад абурэння. «Еўразвяз павінен дзейнічаць вельмі хутка», – заклікае нямецкая газета Der Spiegel.
«Парламент абавязаны безумоўна супрацоўнічаць з бельгійскай юстыцыяй. Дэпутаты павінны клапаціцца пра тое, каб да лабістаў з трэціх краін прымяняўся той жа падыход, што і да ўсіх іншых лабістаў. Зараз недапушчальна ўвядзенне аблегчанага візавага рэжыму з Катарам, хоць гэта і было запланавана. Калі б склалася ўражанне, што Катар купляе сабе такім спосабам доступ да Еўропы, то для Еўразвяза гэта стала б сапраўднай катастрофай. У гэтай гісторыі ёсць толькі тыя, хто прайграў. Гаворка можа ісці толькі пра тое, каб па магчымасці абмежаваць доўгатэрміновую шкоду, а гэта будзе няпростай задачай», – канстатуе нямецкае выданне.
Косава запускае працэдуру ўступлення ў Еўразвяз. Як паведамляе еўрапейскае выданне Politico, улады маюць намер падаць заяўку ў найбліжэйшыя дні. У Прышціне разлічваюць стаць паўнавартасным сябрам ЕЗ ужо ў 2030 годзе. Пры гэтым не ўсе еўрапейскія краіны нават прызнаюць Косава як незалежную дзяржаву. Спробы збліжэння з Еўропай праходзяць на фоне абвастрэння канфлікту паміж Сербіяй і часткова прызнаным Косава. У ім, у прыватнасці, пацярпелі і міжнародныя місіі. Бялград упершыню з 1999 года просіць вярнуць у Косава натаўскіх вайскоўцаў. «Калі б НАТА ўхваліў ўвядзенне сербскіх войскаў, гэта дэ-факта азначала перадачу бяспекі паўночных раёнаў Косава афіцыйнаму Бялграду. Такі выбухованебяспечны крок мог бы рэзка ўзмацніць напружанасць на Балканах», – тлумачыць сітуацыю амерыканская газета The Washington Post.
«На поўначы Сербіі дыслакуецца місія Еўрапейскага звяза па забеспячэнні законнасці, а гэта больш за 130 польскіх, італьянскіх і літоўскіх паліцыянтаў. Некалькі дзён таму ў выведвальны патруль трапіла светлашумавая граната. Абышлося без ахвяр, але інцыдэнт вельмі занепакоіў кіраўніцтва ЕЗ. Жазэп Барэль заявіў, што Еўразвяз не пацерпіць нападаў на місію ці іншых гвалтоўных дзеянняў. Ён напісаў у Twitter, што барыкады павінны быць неадкладна прыбраныя косаўскімі сербамі. Між тым і Сербія, і Косава жадаюць уступіць у Еўразвяз. Але Брусель папярэдзіў краіны, што перш яны павінны вырашыць сваю спрэчку і нармалізаваць адносіны. Іншых шанцаў атрымаць права на сяброўства ў блоку ў іх няма», – адзначае амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя