Актывістку Валянціну Болбат, якая правяла за кратамі 17 сутак, чакае чарговы суд



Актывістку Валянціну Болбат, якая правяла за кратамі 17 сутак, чакае на волі чацвёрты суд. Верхнядзвінскую актывісту затрымалі 22 лістапада. Тады раніцай да яе прыехаў „Гаргаз” — нібыта каля дома смярдзіць газам.

Як толькі жанчына адчыніла дзверы, да яе адразу ўварваліся сілавікі, – паведамляе „Вясна”. Яны вынялі тэхніку, а саму жанчыну затрымалі і адвезлі ў ІЧУ Наваполацка. Далей над ёй адбыліся тры суды запар.

Суддзя Зінаіда Балаболава двойчы арыштавала Валянціну на 10 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а на трэці раз прысудзіла 320 рублёў штрафу. За кратамі ў жанчыны пагоршылася здароўе, таму яе вызвалілі на тры дні раней. Але на 19 снежня яе выклікалі на допыт і паведамілі, што 20 снежня адбудзецца чарговы суд.

Вядома, што пратаколы на яе складаюць за публікацыі ў сетцы „ВКонтакте”. Таксама сілавікі атрымалі доступ да тэлефона, таму адказвалі на паведамленні знаёмых Валянціны.