ISW: Пуцін падчас візіту ў Менск будзе схіляць Лукашэнку да саступак
Прэзідэнт Расеі Уладзімер Пуцін падчас візіту ў Менск 19 снежня будзе схіляць Лукашэнку да дзьвюх саступак. Так мяркуюць эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Крэмль хоча праз Саюзную дзяржаву ўсталяваць расейскі кантроль над Беларуссю, а таксама выкарыстоўваць яе для новага наступлення на Украіну.
-

Фота: Коммерсантъ
Аналітыкі ўпэўненыя, што Лукашэнка не гатовы адпраўляць сваіх вайскоўцаў паміраць за Пуціна і ўжо стварае інфармацыйную базу, каб адхіліць расейскую інтэграцыю. Лукашэнка заявіў, што „Беларуссю кіруе ніхто, акрамя нас”, і што Беларусь гатова будаваць адносіны з Расеяй, але іх сувязі „заўсёды павінны зыходзіць з таго, што мы суверэнная і незалежная дзяржава”. Таму незразумела, ці ўдасца Пуціну дабіцца жаданых саступак ад Лукашэнкі.
Аднак, як лічаць эксперты ISW, сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, як мінімум, будзе садзейнічаць правядзенню асобнай расейскай інфармацыйнай аперацыі, накіраванай на тое, каб зламаць волю Украіны і гатоўнасць Захаду падтрымліваць Украіну. Гэтая сустрэча падмацуе расейскую інфармацыйную аперацыю, накіраваную на тое, каб пераканаць украінцаў і жыхароў Захаду ў тым, што Расея можа атакаваць Украіну з Беларусі. Крэмль, верагодна, спрабуе пераканаць Захад у тым, што Украіна не можа істотна змяніць цяперашнюю лінію фронту і што вайна фактычна зайшла ў тупік. ISW лічыць, што „такая выснова з’яўляецца недакладнай і што ва Украіны ёсць добрыя шанцы адваяваць значныя крытычныя тэрыторыі ў бліжэйшыя месяцы”.
Array