Агляд прэсы: пальнуць сабе ў нагу



Візіт Пуціна ў Беларусь як крок уцягвання ў вайну ва Украіне. Што ўвайшло ў новы пакет санкцый ЕЗ? Няпростая задача для турэцкай апазіцыі. Чаму «зялёнае святло» толькі для Харватыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Бліжэйшы саюзнік Расеі супраціўляўся ўцягванню ў канфлікт, але ціск з боку Масквы, каб адкрыць новы фронт, здаецца, нарастае. Першы за тры гады візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Беларусь на гэтым тыдні ўзмацняе асцярогі, што ён імкнецца ўцягнуць Беларусь ў вайну ва Украіне», – паведамляе амерыканскі часопіс The Wall Street Journal.

«Лукашэнка даў зразумець, што не збіраецца абяцаць войскі спадару Пуціну, калі расейскі прэзыдэнт прыедзе ў Менск у панядзелак. Але яго рэдкі візіт і нядаўняя мітусня ваеннай дзейнасці, у тым ліку сумесных вайсковых вучэнняў Беларусі і Расеі, дазваляюць Крамлю сеяць трывогу ва Украіне і на Захадзе і, як кажуць некаторыя рэгіянальныя эксперты, гарантаваць, што Кіеў адцягне частку сваёй абароны. Такім чынам Масква спрабуе пераламаць шэраг страт на полі бою. Тым больш, што Лукашэнка ўжо дазволіў Маскве выкарыстоўваць Беларусь у якасці плацдарма для свайго ўварвання ва Украіну. Цяпер расейскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі практычна без прававой базы. Пры гэтым рост заклапочанасці на Захадзе наконт таго, якую ролю Беларусь можа адыграць у канфлікце, можа апынуцца карысным для Украіны, бо гэта дазволіць Кіеву ўмацаваць свой аргумент, што яму патрэбная большая падтрымка з боку Захаду. Тым не менш, калі Беларусь адыграе больш непасрэдную ролю ў вайне, гэта было б палітычна небяспечна для спадара Лукашэнкі, які ўжо сутыкнуўся з ростам ціску у выніку пагаршэння эканомікі. Нават калі б Беларусь была непасрэдна ўцягнута ў канфлікт, гэта прынцыпова не змяніла б хады вайны. Беларуская армія дрэнна ўзброеная і небаяздольная, бо за 31 год незалежнасці ад старога Савецкага Саюза яна ніколі не ваявала. Найбольшая колькасць войскаў, якую Менск мог бы сабраць для дапамогі Маскве, верагодна, складала б да 15 000 чалавек. Краіна, якая не мае выхаду да мора, мяжуе не толькі з Расеяй і Украінай, але і з краінамі Еўрапейскага саюза, Латвіяй, Літвой і Польшчай — усе члены Паўночнаатлантычнага альянсу. Калі б Беларусь была ўцягнутая наўпрост, то шанцы на далейшую гарызантальную эскалацыю канфлікту надзвычай узраслі б», – піша амерыканскае выданне.

Еўразвяз узгадніў дзевяты пакет санкцый у дачыненні да Расеі. Праз некалькі дзён перамоваў прадстаўнікі краін прыйшлі да кансэнсусу. Чарговы пакет абмежаванняў закранае каля 200 фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку банкі, а таксама экспарт рухавікоў для беспілотнікаў у РФ. Краіны паспелі дамовіцца да завяршэння саміта ЕЗ. Як пісалі сусветныя СМІ, Польшча і дзяржавы Балтыі выступалі супраць паслабленняў для Расеі ў пытанні паставак угнаенняў. Менавіта іх пазіцыя тармазіла працэс узгаднення. Як піша нямецкая газета Die Welt, Францыя, Нідэрланды і Германія заклікалі змякчыць абмежаванні, каб не дапусціць прыпынення гандлю. У сваю чаргу, Польшча, Літва, Латвія і Эстонія такія асцярогі назвалі «вынікам расейскай прапаганды» і выступалі катэгарычна супраць якіх-небудзь паслабленняў. Абмеркаванне доўжылася цэлыя суткі.

«Рашэнне ўлічвае патрабаванне па забеспячэнні харчовай бяспекі. Акрамя таго, бакі абмеркавалі магчымыя выключэнні для невялікай колькасці асоб і кампаній, якія ўцягнуты ў гандлёвыя здзелкі. Разам з тым Еўразвяз забараняе экспарт камплектуючых для дронаў у РФ і трэція краіны, якія пасля маглі б супрацоўнічаць з Масквой», – падкрэслівае нямецкае выданне.

У Стамбуле дзясяткі тысяч людзей выйшлі на акцыі пратэсту супраць прысуду, вынесенага ў дачыненні да мэра горада і прадстаўніка апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі Экрэма Імамаглу. У сераду суд першай інстанцыі прыгаварыў яго да двух з паловай гадоў турэмнага зняволення. Такое пакаранне ён атрымаў за тое, што нібыта абразіў прадстаўнікоў выбарчай камісіі. Апазіцыя згуртавала свае шэрагі, і людзі выйшлі на вуліцы, а перад альянсам апазіцыйных партый устала няпростая дылема. «Перад шасцю апазіцыйнымі партыямі, якія згуртаваліся ў альянс, каб даць адпор Эрдагану, зараз паўстаў складаны выбар», – канстатуе нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«І без таго няпростае пытанне пра тое, каго вылучыць у якасці галоўнага кандыдата на выбарах, цяпер увогуле ператварылася ў галаваломку. Ці вылучаць мэра Стамбула, які пасля несправядлівага ў вачах людзей прысуду набыў яшчэ большую папулярнасць, але якому пасля паскоранага разгляду апеляцыйнай скаргі пагражае забарона на заняцце палітычнай дзейнасцю? Ці ж неабходна вылучыць іншага кандыдата, які карыстаецца меншай папулярнасцю і таму мае меншыя шанцы на абранне? Гэтае пытанне можа раскалоць адзінства апазіцыйнага альянсу. Што згуляе на руку Эрдагану!», – папярэджвае нямецкае выданне.

Прынятае 8-га снежня рашэнне Савета ЕЗ на ўзроўні міністраў юстыцыі і ўнутраных спраў, згодна з якім у Шэнгенскую зону будзе прынята толькі Харватыя, але не Румынія і Балгарыя, працягвае выклікаць дыскусіі. Аўстрыя і Нідэрланды адмовіліся падтрымаць прыём гэтых дзвюх краін, спаслаўшыся на сумненні наконт міграцыйнай палітыкі, якая імі праводзілася. У выніку патрэбнага аднагалосся дасягнута не было. Балгарская газета Trud выказвае здагадку, што за адмовай прымаць Балгарыю і Румынію стаяць не асцярогі наконт міграцыі, а зусім іншыя прычыны.

«Калі б Балгарыя і Румынія былі часткай Шэнгенскай зоны, то тады грэцкія парты Пірэй і Салонікі мелі б прамы і непасрэдны доступ да Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, што стала б экзістэнцыйнай пагрозай для гегемоніі Ратэрдама. Аўстрыя, у сваю чаргу, з’яўляецца галоўным калідорам для турэцкага экспарту ў Нямеччыну і ўсю Цэнтральную Еўропу. Калі б гэтаму маршруту была альтэрнатыва, якая пралягала праз Балгарыю, то тады частка таварапатоку ішла б праз нас, што дазволіла б скончыць праблемы з коркамі і затрымкамі ў партах. Аўтамабільныя перавозкі праз Балгарыю знізілі б кошт транспарціроўкі, спрасцілі б лагістыку і ў цэлым палепшылі б сувязь паміж Еўропай і Турцыяй», – падкрэслівае балгарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array