Усяслаў Пашкевіч: За мяжой няма такіх межаў



Арганізатар „Беларускамоўных Вячорак”, беларускі блогер „Тутэйшы Шляхціч”, твар каналу „Гэта Менск, дзетка” — усё гэта беларускі творца Усяслаў Пашкевіч, які праз палітычную сітуацыю ў Беларусі вымушаны быў апынуцца ў эміграцыі.

Спачатку з’ехаў часова ва Украіну, а пасля пераехаў у польскі горад Кракаў, – пра свой шлях распавёў сам наш сённяшні „Госць Рацыі” у гутарцы з Алісай Поль:

– Тут адзінае, што мне лезе ў галаву, гэта думка, што свабода, калі я жыў у Менску, то на мяне вельмі ціснула такая рэч, што тая дзейнасць, якой я займаюся, а я ствараю гістарычны кантэнт па-беларуску, было крыўдна і ціснула, што я не ведаў, як працягваць сваю дзейнасць. Я ў прынцыпе нават і не займаўся, то бок такая была атмасфера прыгнятальная. Тут за мяжой няма такіх межаў, займаюся тым, чым займаюся без абмежаванняў.

РР: Як даўно вы пераехалі ў Польшчу і пачалі свой творчы шлях?

– Тое, чым я займаюся, у прынцыпе яно збудавана на ідэі папулярызацыі. Я заўсёды раблю акцэнт на папулярызацыі беларускай гісторыі і беларускай мовы. Адпаведна я гэтым займаўся ў Беларусі і працягваю займацца тут. Чаму я пераехаў. Яшчэ ў Менску мне зрабілі прапанову прыйсці ў межах крымінальнай справы ў Ленінскі РУУС. Я не захацеў прыняць гэтую прапанову, а сабраў рэчы і спачатку паехаў ва Украіну, у Кіеў, мне дапамог Free Belarus Center. Потым перабраўся ў Кракаў і жыву ў Польшчы ўжо дзесьці паўтары гады.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Усяслаў Пашкевіч дадаў, што ўся творчая і беларускамоўная частка беларусаў, што знаходзяцца ў часовай эміграцыі, збіраецца ў Кракаве па адрасе Кракаўская 19. Сачыць за абвесткамі мерапрыемстваў можна праз сацыяльныя сеткі блогера ці праз суполку кракаўскіх беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя