Жыхара Мазыра затрымалі пасля вяртання з Польшчы
Вадзіма Баранава, які вярнуўся з Польшчы, затрымалі і адправілі ў гомельскі СІЗА. На яго пачалі крымінальную справу — паводле інфармацыі праваабаронцаў, хлопца абвінавачваюць у “пагрозе гвалтам Лукашэнку”. Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі, піша “Зеркало”.
-

Фота: „Палеская Вясна”
Баранаў калісьці працаваў на Мазырскім НПЗ, а потым з’ехаў у Польшчу. Першы раз ГУБАЗіК затрымаў яго дома пасля вяртання ў Беларусь — за тое, што ён нібыта хадзіў на мітынгі ў 2020 годзе, а пасля пачатку вайны фатаграфаваў вайсковую тэхніку і адпраўляў здымкі ў тэлеграм-каналы.
Па даных праваабаронцаў, пры затрыманні Вадзіма збілі, канфіскавалі яго тэлефон і сапсавалі дакументы, у тым ліку пашпарт. Аднавіўшы дакументы і зноўку атрымаўшы польскую візу, хлопец адправіўся ў аддзяленне міліцыі, каб высветліць лёс канфіскаванага тэлефона. Там яго зноў затрымалі.