Знакамітыя бел-чырвона-белыя коцікі прыехалі ў Варшаву
У Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава „Малюю наша жыццё”. На творах аўтара – мастачкі і ілюстратара Вольгі Якубоўскай – цяпер не толькі каты, але і ваўкі, сабака, леў і іншыя. У некаторых героях пазнаюцца выбітныя дзеячы: Марыя Калеснікава, Віктар і Эдуард Бабарыка, Мікалай Статкевіч.

Пра нараджэнне выставы, рэфлексію на беларускія пратэсты і не толькі – у размове з „Госцяй Рацыі” Вольгай Якубоўскай:
– Выстава „Малюю наша жыццё” пачалася з падзей 2020 года ў жніўні, калі нам не далі зрабіць свой выбар, калі мы ўсе былі ў жахлівай дэпрэсіі. Я асабіста праплакала тры дні, як мінімум. Я зразумела, што калі буду працягваць, то проста магу звар’яцець ад падзей, ад таго, што адбывалася тады. Я, як мастак, які можа толькі маляваць і больш нічога не ўмее, вырашыла, што мне трэба пачынаць маляваць. Самае простае, што я магу намаляваць, гэта кот, таму я вельмі доўга сябе ўгаворвала сябе, што я павінна намаляваць хаця б коціка, бо коціка я дакладна магу намаляваць. Я пачала маляваць коціка, але ж навіны ўсё роўна ідуць фонам. Я гляджу, там ходзіць наша цудоўная Ніна Багінская са сцягам адна, на фоне здаровых АМАПаўцаў. Ідзе са сцягам і нікога не баіцца. Я гляджу на яе і думаю, я тут сяджу ўся ў слязах, не ведаю чым заняцца, не ведаю, што рабіць, а чалавек ідзе і ведае, што рабіць. Яна ідзе і нікога не баіцца. Я вырашыла, што гэтага коціка, якога малюю, што вось жа ён коцік – Ніна. Ну а ваўкі адпаведна АМАПаўцы. Гэта ўсё намалявалася само. Я вырашыла, што працу неабходна падараваць Ніне. З гэтай працы пачалася серыя „Коцікі свабоды”. Пасля гэтай працы мне вельмі многія людзі пачалі пісаць. Я сябе таксама адчувала такім мілым, белым і пухнатым коцікам, які нікому нічога дрэннага не зрабіў, а проста хацеў паводле закону пайсці і прагаласаваць. Ну але нічога ў нас не выйшла, таму калі нас пачалі біць, то гэта ўсё стала страшнай казкай. У нейкі момант, калі я ўжо працягвала серыю, то я зразумела, што проста займаюся своеасаблівым рэпартажам пра тое, што адбываецца ў краіне. Прычым я ўсё ж дзіцячы ілюстратар, таму ў мяне атрымліваліся такія карцінкі, якія і дзецям зразумелыя. Выклікалі шмат станоўчых эмоцый на фоне ўсіх жахлівых падзей і мяне гэта цешыла. На самой справе гэта цяжка перапрацаваць нейкую жахлівую эмоцыю ў станоўчую, каб усім ад гэтага стала лягчэй. На самой справе, калі дрэнна, то ад усяго, што ты бачыш дрэнна, то зусім ужо сумна. Хочацца, каб ішоў нейкі пазітыў далей.
Выстава „Малюю наша жыццё” працягнецца да 13-га студзеня. Уваход вольны.
З аўтарам малюнкаў, мастачкай і ілюстратарам Вольгай Якубоўскай размаўляла Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя
Array