ФСБ затрымала ў Гародні расейскага апазіцыянера



Расейскія праваабаронцы паведамілі, што супрацоўнікі ФСБ РФ затрымалі ў Гародні пецярбуржскага актывіста і паэта Данііла Крынары. Апазіцыянера, якога абвінавачваюць у «супрацы з Украінай», ужо даставілі ў Маскву. Лефортаўскі раённы суд выбера яму меру стрымання, паведаміла жонка затрыманага.

Справу будзе весці маскоўскі следчы аддзел ФСБ.

Жонка затрыманага звязвае пераслед Данііла з тым, што ён вядзе тэлеграм-канал, і адмаўляе, што ён супрацоўнічаў з якімі-небудзь замежнымі дзяржавамі.

24 верасня перад усерасейскай акцыяй супраць мабілізацыі ў Данііла Крынары, як і ў шэрага іншых актывістаў у Пецярбургу, прайшлі ператрусы па справе аб загадзя ілжывым паведамленні аб тэракце (арт. 207 КК). Яго і яшчэ як мінімум шэсць чалавек адправілі на двое сутак у ізалятар часовага ўтрымання, пасля чаго адпусцілі ў статусе падазраваных.

Адзначым, што і спецслужбы Беларусі затрымліваюць грамадзянскіх актывістаў на тэрыторыі РФ. Прынамсі, у кастрычніку 2021 года спецслужбамі Беларусі ў маскоўскім аэрапорце быў затрыманы журналіст «Комсомольской правды» Генадзь Мажэйка.