Уладзімір Хільмановіч: Няма вялікіх спадзяванняў, што нехта нас вызваліць і вырашыць усе нашыя праблемы
Публіцыст, праваабаронца Уладзімір Хільмановіч – чарговы Госць Рацыі, які аналізуе падзеі мінулага года і гаворыць пра галоўную падзею наступнага года, а дакладней суд па справе “Вясны”, які мае адбыцца на пачатку студзеня.

РР: Пачнем з падзеі, якая нас чакае 5 студзеня 2023 года. У гэты дзень пачнецца суд над лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, а таксама яго калегамі-праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам, Уладзімірам Лабковічам. І акрамя таго будуць судзіць Змітра Салаўёва ў парадку спецыяльнай вытворчасці, што азначае фактычна завочны суд. Вось, можа пачнем з гэтай сумнай падзеі
Уладзімір Хільмановіч: Гэта чакалася, а сёння стала вядома, што 5 студзеня пачнецца працэс. І па ўсіх прагнозах ён будзе паказальным, відаць, будуць пісаць шмат дзяржаўных медыя прапагандысцкіх. Мяркуючы па тых лістах калегаў з-за кратаў, то суд можа расцягнуцца ад 5 студзеня і да вясны. Вельмі будзе сімвалічным у змрочным сэнсе гэтага слова на гэты раз, што “вясноўцаў” засудзяць вясной. І мяркую па ўсім, што тэрміны будуць немаленькія.
РР: Хачу звярнуць увагу на асобу Алеся Бяляцкага, пра тое, што мы гаворым, што ўпершыню, напэўна, на лаве падсудных лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. І ты акурат быў на гэтай нобелеўскай цырымоніі.
Уладзімір Хільмановіч: Былі пэўныя спадзевы, што Алеся Бяляцкага выпусцяць пад хатні арышт, што нават дадуць яму выступіць нейкім спосабам праз відэасувязь, аднак гэтыя надзеі не спраўдзіліся. Як бачым, параўноўваючы нават з гістарычнымі падобнымі фактамі, і ў 1930-е гады выпушчаны быў лаўрэат Нобелеўскай прэміі з канцлагера ў шпіталь і прыклад з М’янмай, Бірмай, калі Аўн Сан Су Чжы – лаўрэатку выпусцілі пад хатні арышт, на жаль, у Беларусі такія рэаліі, што нашы надзеі на тое, што Алесю Бяляцкаму зменяць меру стрымання, не спраўдзіліся.
Але вельмі годна прадстаўляла на гэтым узнагароджанні ягоная жонка, якая перадала і свае словы, і словы Алеся Бяляцкага. Гэта быў вельмі кранальны выступ. І таму ўзрушэнне такое, на пэўны час яно быццам імпульс дадзены гэтым уручэннем, гэтай урачыстасцю, калі пра Беларусь не забыліся.
РР: Відавочна, што сам рэжым Лукашэнкі падтрымлівае гэты імпульс, падтрымае яго, пачаўшы гэты працэс – “справу Вясны”, бо відавочна, што ўсе сусветныя мас-медыя будуць сачыць за ім пільна.
Уладзімір Хільмановіч: Так, працэс будзе асвятляцца, мяркую, шырока. І дзякуючы вось гэтай Нобелеўскай прэміі, і гэта той маленькі агеньчык, промень, той пробліск надзеі, што на Беларусь не забудуцца ў тых рэаліях жорсткай вайны, якая зараз разгортваецца і якая ідзе на прасторах Украіны, якая больш ціха, але вядзецца ў дачыненні да Беларусі, і што свет не забудзецца на Беларусь. Хоць не трэба тут вялікіх ілюзій мець, таму што ў свеце ніколі не было і не будзе літасці, як казаў мудры Сакрат Яновіч, якраз вось родам з Падляшша. Ён заўсёды прыводзіў гэтую фразу, што няма такіх вялікіх спадзяванняў, што нехта нас вызваліць і вырашыць усе нашыя праблемы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя