Уладзімір Лапцэвіч: 2022 год для незалежнай журналістыкі быў надзвычай цяжкім
2022 год для беларускай незалежнай журналістыкі быў самым цяжкім у параўнанні з мінулымі гадамі. На сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца 33 супрацоўнікі незалежных медыя, і такой колькасці зняволеных журналістаў Беларусь яшчэ не ведала – кажа сябра юрыдычнай службы БАЖ – Уладзімір Лапцэвіч:
– Беларусь у гэтым годзе ўвайшла ў пяцёрку краін свету, дзе найбольшая колькасць зняволеных журналістаў. Нас «абганяюць» – Кітай, Іран, М’янма і Турцыя. 43 затрыманні было з пачатку года.

Пры гэтым журналістам прысуджаюць вялізныя тэрміны зняволення, як напрыклад Дзянісу Івашыну – 13 гадоў і 1 месяц зняволення.
Паводле Уладзіміра Лапцэвіча, у самой Беларусі цяпер незалежных журналістаў мала, і яны знаходзяцца ў падполлі. Такая сітуацыя ўплывае і на якасць беларускай журналістыкі:
– Якасць журналістыкі ў такіх варунках, зразумела, будзе зніжацца. Бо журналіст гэта той, хто перадае дакладную інфармацыю. Ён мусіць яе спраўджваць. Зараз у тых умовах неяк спраўдзіць – ці праўдзівая гэта інфармацыя ці непраўдзівая, гэта вельмі цяжка.
Што тычыцца незалежных беларускіх СМІ за мяжой, то на думку Уладзіміра Лапцэвіча, яны таксама маюць праблемы, у тым ліку фінансавыя.
Беларускае Радыё Рацыя