З беларускага футбола выкідваюць 49 чалавек
З беларускага футбола выкідваюць каля 50 чалавек, піша «Трыбуна». У распараджэнні выдання аказаўся дакумент са спісам 49 імёнаў футбалістаў, якім Мінспорту забараняе працаваць у Беларусі.

Адзначаецца, што крыніцы выдання не гарантуюць, што гэта канчатковы варыянт. У яго патрапілі тыя, хто правёў дзясяткі матчаў за зборную, гуляў у групавых этапах еўракубкаў, выйграваў розныя беларускія трафеі і асабістыя ўзнагароды, некаторыя ўжо завяршылі кар’еру.
„Чорныя спісы” былі разасланыя ў спорткамітэты выканкамаў, каб на месцах перашкаджалі заключэнні „няправільных” кантрактаў, а міністр Сяргей Кавальчук даў зразумець футбольным клубам, што гульцы са спісу павінны знікнуць з каманд.
Журналістам удалося звязацца з некаторымі гульцамі з гэтага спісу, і яны пацвердзілі, што ўжо ведаюць, куды ўнесены іх дадзеныя.
43 чалавекі са спісу зняліся ў роліку супраць гвалту ў 2020 годзе. Таксама ў пераліку значыцца паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун, які заняў другое месца ў галасаванні за лепшых ігракоў Беларусі-2022. Па некаторай інфармацыі, з-за гэтага сезон 2022 можа стаць для яго апошнім у прафесійным футболе, піша выданне.
Таксама «чорную пазнаку» атрымалі былыя «сенатары» барысаўскага клуба – абаронца «Урала» Ягор Філіпенка і, у апошнія паўгода, гулец аматарскіх каманд Ігар Стасевіч. У роліку супраць гвалту ён не здымаўся, але стаў непажаданым яшчэ ў 2020-м, а ў 2022-м у апошні момант не атрымаў кантракту з менскім «Дынама».
Самым дзіўным выданне называе трапленне ў спіс паўабаронцы БАТЭ Дзмітрыя Бяссмертнага. Гулец зборнай не выказваўся супраць гвалту і маўчаў на публіцы. У 2021 годзе ён падпісаўся ў падтрымку беларускай улады, а не так даўно станцаваў у кліпе з «Бульба-дэнс», дзе фігуруе Лукашэнка.