„Шахцёр” „усухую” абыграў „Дынама-Маладзечна”



Салігорскі „Шаxцёр” „усухую” перамог „Дынама-Маладзечна” у выязным матчы хакейнай Betera-Экстралігі — 3:0.

Дзве шайбы закінуў Міхаіл Шалагін. Гульня стала 1000-й для форварда гасцей Аляксандра Жыдкіх.

„Гомель” перайграў „Лакаматыў” у выязным матчы — 5:0.

Протас дапамог „Вашынгтону” выйграць пяты матч запар

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Вашынгтон” святкаваў пятую запар перамогу, адолеўшы ў Нью-Йорку „Рэйнджэрс”. У складзе гасцей беларускі нападнік Аляксей Протас правёў на лёдзе 11 хвілін 30 секунд, бамбардзірскімі баламі не вызначыўся, па брамцы не кідаў, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці 0, здзейсніў два сілавыя прыёмы і дапусціў адну страту.

З 44 ачкамі пасля 37 гульняў „Вашынгтон” займае трэцяе месца ў Сталічным дывізіёне, адстаючы на два ачкі ад „Нью-Джэрсі” (у якога на тры праведзеныя матчы менш).

Менскае „Дынама” арандуе 20-гадовага расейскага абаронцы Мікіту Зоркіна

20-гадовы расейскі абаронца Мікіта Зоркін далучыцца да менскага „Дынама” на правах арэнды. Гэты сезон Зоркін пачынаў у „Сочы”: правёў 27 гульняў, у яго 10 (4+6) набраных ачкоў. Затым перайшоў у СКА з Санкт-Пецярбурга, за які згуляў у дзвюх сустрэчах.

Усяго ў КХЛ у хакеіста 72 матчы і 13 (4+9) ачкоў. Таксама гуляў у МХЛ і ВХЛ. Восенню 2019 года ў складзе маладзёжнай зборнай Расеі ўдзельнічаў у суперсерыі супраць каманд канадскіх юніёрскіх ліг. Бацька Зоркіна Уладзімір у складзе менскага „Юнацтва” ў сезоне-2003/04 станавіўся чэмпіёнам Беларусі, — перадаюць сацсеткі „зуброў”.

Валейбалісты „Будаўніка” святкавалі другую перамогу ў сезоне расейскай Суперлігі

Сталічны „Будаўнік” святкаваў другую перамогу ў бягучым сезоне мужчынскага чэмпіянату Расеі па валейболу. У заключным матчы адыходзячага года падначаленыя Алега Мікановіча ў Палацы спорту „Уручча” прымалі „Нову” з Навакуйбышэўска. Самай упартай у матчы выдалася чацвёртая партыя: каманды дагуляліся да ліку 25:25, але два наступныя розыгрышы засталіся за менчанамі. У выніку 3:1 па сэтах і другая перамога „Будаўніка” ў 13 матчах сезона.

Дзякуючы гэтаму поспеху беларускі клуб выбраўся з апошняй 16-й пазіцыі ў табліцы расейскай Суперлігі, абышоўшы якраз „Нову”.

„Манчэстэр Юнайтэд” узяў верх над „Нотынгем Форэстам”

„Манчэстэр Юнайтэд” узяў верх над „Нотынгем Форэстам” у хатнім матчы 17-га тура чэмпіянату Англіі — 3:0.

Галамі адзначыліся Рэшфард, Марсьяль і Фрэд.

„Чэлсі” дзякуючы дакладным ударам Хаверца і Маунта перамог „Борнмут” — 2:0.

„Пенсіянеры” спынілі серыю з трох паразаў.

Беларускае Радыё Рацыя