Эльвіра Каралёва: Не трэба спачуваць, трэба дапамагаць
Новы год і Каляды. Час, калі асабліва хочацца дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Людзей з абмежаванымі магчымасцямі – у тым ліку.

Эльвіра Каралёва – мастацтвазнаўца, аўтар праекту „Я прыеду”, скіраванага на дапамогу людзей з інваліднасцю – сёння і стала „Госцем Рацыі”:
РР: Як прайшоў 2022 год?
– Прайшоў насычана, прайшоў не заўсёды, як хацелася. Мы стараемся рэалізоўваць нейкія свае патрэбы. Патрэб вельмі шмат у людзей з інваліднасцю. Можна знайсці штосьці супольнае, гэта жаданне згуртавацца, знайсці адзін аднаго, размаўляць. Гэта канешне першае, што неабходна кожнаму чалавеку, асабліва з інваліднасцю. Напэўна другое, я б адзначыла побытавыя патрэбы – гэта дакументы, гэта пытанні з пацверджанем інваліднасці, атрыманнем дапамогі і г.д. Гэта такія побытавыя патрэбы, якія мы ў сваім чаце намагаемся абмеркаваць, знайсці рашэнне.
РР: Якія мерапрыемствы вам прыгадваюцца ў першую чаргу?
– У гэтым годзе мы правялі некалькі івентаў, інклюзіўных мерапрыемстваў. Гэта былі выставы, гэта былі сустрэчы людзей з інваліднасцю. Чаму выдзяляем нейкія асаблівыя мерапрыемствы? Чаму яны не для ўсіх, а менавіта для людзей з інваліднасцю? Або для бацькоў дзяцей з інваліднасцю. Ёсць нейкія асаблівыя патрэбы. Ёсць нейкія асаблівасці правядзення мерапрыемстваў у пэўных будынках. То бок не заўсёды з вазком бацькі могуць пайсці кудысьці ў тэатр ці на нейкія звычайныя экскурсіі і далучыцца да нейкіх канцэртаў і г.д. Мы праводзім мерапрыемствы менавіта з улікам спецыяльных патрэб. Гэта для людзей на вазках або гэта могуць быць дзеці з аўтызмам. То бок у інваліднасці і інклюзіі ёсць вельмі розныя патрэбы, розныя групы. Стараемся ўлічваць менавіта патрэбы нашых мэтавых груп. Гэта таксама было нейкае звычайнае піццё гарбаты, яны могуць гучаць неяк трывіяльна, ну падумаеш сабраліся, папілі гарбаты. Што значыць для мацярок дзяцей з інваліднасцю сабрацца і прыехаць, сабраць сваё дзіцё. Прыехаць у тое асяроддзе, якое падобнае да твайго, дзе цябе разумеюць, дзе цябе выслухаюць, дзе ты можаш адкрыта казаць пра свае патрэбы. Здавалася б, навошта? Проста папіць гарбаты могуць і ў іншым месцы мамы дзяцей з інваліднасцю. Я правяла некалькі такіх мерапрыемстваў, атрымала станоўчыя водгукі. Я разумею, што ім часамі трэба проста кудысьці выйсці, проста паразмаўляць і проста зразумець, што ты не адна такая, у кагосьці могуць быць падобныя праблемы.
Сачыць за жыццём людзей з абмежаванасцямі можна праз Інстаграм, Тэлеграм-чат, другі Тэлеграм-чат, а таксама YouTube.
З Эльвірай Каралёвай размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя