Агляд прэсы: 2022 – дрэнны год для аўтакратаў
Расхістаныя асновы асноў: што зрабіла вайна з Еўропай? Дэмакратыя: якая сітуацыя па выніках года? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Поўнамаштабная вайна, распачатая Расеяй супраць Украіны, пахіснула ўвесь міжнародны парадак. Шмат для каго такое развіццё падзей стала поўнай нечаканасцю, хоць, як адзначае шэраг аглядальнікаў, усе прыкметы таго, што справа будзе развівацца менавіта такім чынам, былі цалкам відавочнымі.
«Гэты год выявіў нам жахі, якія, як мы лічылі, назаўжды засталіся ў далёкім мінулым», – такі каментар эстонскай газеты Maaleht.
«Ізраільскі мысляр Юваль Ной Харары аказаўся прарокам, калі 9 лютага 2022 года напісаў на старонках The Economist, што адмова ад агрэсіўных войнаў з’яўляецца адным з галоўных дасягненняў чалавецтва, але што Расея сваімі дзеяннямі ў дачыненні да Украіны ставіць гэта пад пытанне. Год таму мы яшчэ не ведалі, што ў XXI стагоддзі магчымыя такія рэчы, як Буча. Мы лічылі, што падобнае яшчэ можа здарыцца дзе-небудзь у далёкіх ад цывілізацыі трапічных джунглях, але ніяк не ў багатым прыгарадзе адной з еўрапейскіх сталіц», – падкрэслівае эстонскае выданне.
Еўрапейская прэса падводзіць вынікі года, напоўненага трывогамі і ўзрушэннямі, і разважае аб тым, як у свеце цяпер ідуць справы з дэмакратыяй. Аглядальнікі пішуць пра такія фактары, як перамогі ўльтраправых на выбарах, пратэсты грамадзян супраць аўтакратаў і новае еўрапейскае і трансатлантычнае адзінства. «2022 застанецца ў памяці як год, які знішчыў рэпутацыі, якія здаваліся моцнымі, аўтакратычных рэжымаў і асоб», – такі вынік падводзіць брытанская газета Financial Times.
«Пуцін – не адзіны «моцны лідар», які сёння выглядае слабейшым, чым год таму. Тое ж самае тычыцца і прэзідэнта Кітая Сі, і экс-прэзідэнта ЗША Трампу. Палітыка нулявога кавіда, якая праводзілася першым, скончылася ганьбай. Прэтэнзіі цяперашніх прадстаўнікоў традыцыйнага кітайскага дэспатызму на тое, што яны кіруюць кампетэнтней, чым нібы «неўпарадкаваныя і бязладныя» дэмакратыі, апынуліся разбітыя ў пух і прах. Іранскім дэспатам дае адпор іранская ж моладзь, а кандыдатам з лагера Трампа на прамежкавых выбарах у ЗША ў асноўным не ўдалося дабіцца поспеху», – адзначае брытанскае выданне.
Вайна, змяненне клімату, эканамічны крызіс – такія перспектывы на новы 2023 год, і выглядаюць яны зусім не радаснымі. Тым не менш, шэраг аглядальнікаў мяркуе, што не варта пакідаць надзеі. «У надыходзячым годзе ў справе кліматычнай палітыкі ўсім нам давядзецца націснуць на газ», – піша грэцкая газета Ta Nea.
«Еўрапейскі кантынент награецца хутчэй, чым любы іншы, і яго жыхары ўжо могуць назіраць наступствы на ўласныя вочы: гэта частка іх паўсядзённага жыцця, а не проста тэорыя, якой заняты вузкае кола кабінетных навукоўцаў. У якасці выбаршчыкаў грамадзяне краін Еўропы абавязаны аказаць ціск на палітычную і бізнес-эліту з тым, каб тыя выступілі з ініцыятывамі па выратаванні планеты, якія яны да гэтага часу адкладалі ў доўгую скрыню, паколькі лічылі палітычную цану надмерна высокай. Экалагічная палітыка – ужо далёка не раскоша, якую могуць сабе дазволіць толькі тыя, чые фінансавыя запатрабаванні ўжо здаволеныя, але фактар выжывання кожнага з нас», – заклікае грэцкае выданне.
Пасля няпростых 2020 і 2021 гадоў, якія прайшлі пад знакам пандэміі каранавіруса, многія справядліва спадзяваліся на тое, што ўжо 2022 дасць нам, нарэшце, магчымасць перадыхнуць і аднавіцца. Але вайна супраць Украіны, галапуючы інфляцыя і наступствы змены клімату прывялі да таго, што вынікі 2022 года таксама аказаліся несуцяшальнымі. Тым не менш, як зазначае прэса, былі і канструктыўныя моманты. «У супраціву і прагрэсу ў 2022 годзе твар быў жаночым», – такі вынік падводзіць нямецкае выданне Deutsche Welle.
«У Іране пасля гібелі Махсы Аміні, якая здарылася 16 верасня, жанчыны паспрабавалі ўзняць паўстанне. У Бразіліі менавіта выбаршчыкі з ліку жанчын зрабілі так, што па выніках выбараў ад улады быў адхілены прэзідэнт, поўны нянавісці да жанчын і ўсхваляючы гвалт. На палестынскіх тэрыторыях твар супраціву супраць вайсковага гвалту – гэта першым чынам жанчыны. Спіс мог бы быць бясконцым. Дзякуючы ўсім гэтым гераічным жанчынам, ад адыходзячага года ў нас у памяці застануцца не толькі кадры разбурэнняў і забойстваў, але і пробліск надзеі. Без волі да жыцця, уласцівай жанчыне, яе супраціву і памкнення да свабоды 2022 год стаў бы сумным, сакрушальным годам», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array