Алесь Стральцоў: Велізарная патрэба ў зброі



Палітычныя эмігранты, беларускія актывісты, якія былі выціснутыя з краіны, уладкоўваюць уласнае жыццё ў новых варунках, у чужым для іх асяроддзі. Але кожны, не выпадковы, а свядомы беларус, і там думае пра Беларусь і яе прышласць.

Наш карэспандэнт Якуб Сушынскі гутарыць з Госцем Рацыі Алесем Стральцовым, у мінулым – менчуком, які ў Швейцарыі працягвае дапамагаць тым суайчыннікам, якія змагаюцца за волю Украіны, ды і за волю Беларусі ў шыхтах палка Каліноўскага.

РР: Вы прынялі ўдзел у тэрытарыяльнай абароне ўкраінскага народа. Як вы ўспрынялі гэтыя падзеі такой лютай агрэсіі Расеі і інфармацыйную вайну, якая вядзецца сёння супраць Украіны?

Алесь Стральцоў: Па-першае, я хачу сказаць, што мой удзел быў вельмі сціплы ў параўнанні з тымі людзьмі, як “Брэст”, “Літвін”, “Кіт”, якія пайшлі змагацца з першага дня. Я крышачку пазней далучыўся да тэрабароны на пару дзён, а ў „Азоў” у батальён Каліноўскага я прыйшоў толькі праз месяц. Але шмат хто з гэтых хлопцаў ваяваў яшчэ з 2014 года, яны былі падрыхтаванымі.

Я як абсалютна мірны чалавек у першы дзень пабег здаваць кроў, у другі трэба было хлопцам дапамагаць і нешта весці ў аэрапорт “Васількі” пад Кіевам, які штурмавалі ўжо.

Больш цікавае пытанне да мяне асабіста, як людзі ўспрынялі інфармацыйную вайну? Тут некалькі складнікаў. Перш за ўсё, калі пачынаецца вайна, то табе ўжо не да інфармацыйных складнікаў. Зразумела, што Пуцін гатовы развязаць вайну, і проста мы прачнуліся пасярэдзіне ночы, таму што выбухі ў Кіеве. Я гэта сустрэў у сваёй кватэры, калі пачаліся бамбёжкі мірнага горада. А інфармацыйная вайна з гэтага боку – што расейцы там плявузгалі, нікому не было цікава, тым больш, што ніякай прычыны для гэтай вайны, расейцы так і не высунулі. Адзінае яны праз некалькі дзён сказалі, чаму яны напалі на Украіну. Усё, што здолеў сказаць Пуцін, гэта тое, што там наркаманы ва ўрадзе і фашысты. Гэта цалкам бязглуздзіца, гэта нейкі фарс. Калі наркаманаў ці каго яшчэ было б прасцей пашукаць у сябе ў Крамлі, бліжэй. І якая табе розніца? Няхай там у краіне ўсе жыхары наркаманы. Дык што трэба напасці на Галандыю тады? Поўнае глупства. У Галандыі там кураць траву, дык што – трэба нападаць? Брэжнеў, калі нападаў на Афганістан, разам з гэтымі старымі маразматыкамі, дык яны неяк падрыхтоўвалі народ, што там нейкая партыя ўнутры краіны паклікала на дапамогу. Гэта было абгрунтавана. Якая тут была інфармацыйная вайна? Я не памятаю, адзінае. Я быў незадаволены, што я адкрыў незалежную крыніму DW, я там пабачыў, што праз 24 гадзіны ўпадзе Кіеў, ён аточаны. І гэта ўсё вісела агромністымі літарамі. А ўжо ўсе меркаванні  экспертаў і ўсе навіны ішлі на фоне гэтай плямы, якая вісела ўвесь час, што Кіеў праз 24 гадзіны падзе.

Наконт нашых беларусаў, шмат хто адразу скарыстаўся магчымасцямі эвакуявацца, сталі прапаноўваць эвакуацыйныя цягнікі і ўсё, што заўгодна. Я асабіста вырашыў, што калі мяне 20 гадоў КДБ вышчэмлівала з Беларусі, урэшце рэшт быў вымушаны збегчы. А тут што? Я зараз кіну краіну, пераеду некуды пад Варшаву, там ізноў нейкі бізнес завяду, адбудую домік. А праз 7-8 гадоў тое ж самае. І ўжо паляцяць на маё новае месца жыцця дзесьці там пад Варшавай зноў расейскія ракеты. Надакучыла ўжо адступаць, і тут трэба было даць адпор. Я прыняў сціплы ўдзел, бо шмат было розных “вагнераўцаў”. Спачатку там дыверсійныя групы шляліся і г.д. Трэба было навесці парадак унутры Кіева, гэтыя гадзіны, каб усе там праходзілі па прапусках і г.д. То-бок усталяваць такі жорсткі кантроль. Пасля мы чакалі, калі пойдуць нас штурмаваць так званыя кадыраўцы. Я асабіста не дачакаўся, але слава тым людзям, якія насмерць палеглі, бо спынілі іх крыху ад мяне за некалькі кіламетраў, нейкія хлопцы там пайшлі і памерлі перада мной. За гэта ім вялізны дзякуй.   

РР: Я хацеў бы перайсці зараз да вашага чыннага ўдзелу ў дапамозе беларусам- добраахвотнікам, якія зараз у складзе палка Кастуся Каліноўскага ваююць ва Украіне. Вы жывяце зараз у Швейцарыі, краіне нейтральнага характару, але вельмі прынцыповай і нацыянальна арыентаванай. Вы можаце цяпер уносіць свой унёсак у справу змагання ўкраінцаў, у тым ліку і беларусаў, за сваю вольнасць. Раскажыце, калі ласка, пра магчымасці аказання такой дапамогі.

Алесь Стральцоў: Тое, што мне баліць на сёння, гэта пастаўкі зброі. І я неаднаразова агучваў, напрыклад, тое, што мы, беларусы, скідваемся грашыма, у Андрэя Курэйчыка збор там ідзе. Я нават на яго канале агучваў, што крыху займаўся пытаннем закупак для батальёна. Любому батальёну, і нашаму – Каліноўскага, які заўгодна вазьмі, ім трэба тыя ж самыя пікапы. А тут справа такая, што можна набываць і прыцэлы, і начныя, і якія заўгодна, можна кожнаму батальёну набыць якуюсьці бронетэхніку. І гэта ўжо мільёны даляраў. Таму велізарная патрэба ў зброі. На жаль, тое, што казалі ўкраінскія прадстаўнікі, і Жданаў, што НАТА прыняло рашэнне і зараз украінскае войска будзе пераўзброенае на натаўскія ўзоры зброі. На жаль, пакуль мы такога не бачым. Пакуль дапамога такая сціплая ў параўнанні з тым, што ляжыць там на складах.

Зараз больш эфектыўны метад – падымаць кампанію. Зараз хлопцы, якія жывуць у Злучаных штатах, будуць там выходзіць на пікеты пад Белы дом і будуць пытацца, як там справы з ленд-лізам.

Тое, што я перадаю нейкія сумкі, пакеты ва Украіну, гэта дробязь. Напрыклад, я магу прадаць кватэру  і змагу набыць на гэтыя грошы адзін пікапчык. А пасля на яго ва Украіне хтосьці наварыць жалезных лістоў і зробіць такі самаробны бранівічок. Я лічу, што трэба ўсім нам, хто ўмее размаўляць з людзьмі на нейкіх еўрапейскіх пляцоўках, казаць пра гэта.  У тых самых амерыканцаў ёсць спісаныя бранівікі ці машыны – дык гэта, тое, што трэба для вайны, каб транспартаваць. І тое, што іх х зараз пачалі даваць, – гэта супер. Але іх даюць па 100-200 штук. І гэта трэба было даваць раней, і я б у тысячах даваў, якія праблемы? Чаму не даць супраць свайго галоўнага геапалітычнага супраціўніка? Гэта ж не мы прыдумалі, амерыканцы самі пішуць, што Расея – гэта галоўная стратэгічная пагроза ЗША. Таму самы выпадак усё, што ёсць, выкарыстаць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя