Памяці эколага і краязнаўцы Аляксея Дуброўскага
На Піншчыне, сёння, 2 студзеня, у дзень нараджэння знанага эколага, краязнаўца Аляксея Дуброўскага, яго сябры і паслядоўнікі арганізавалі вандроўку ў парк у вёсцы Дубае.

Пра захаванне гэтага прыроднага аб’екта клапаціўся Дуброўскі. Увогуле ён адзін з першых, хто яшчэ за савецкім часам выступіў у друку з асуджэннем меліярацыі Палесся і спрычыніўся да стварэння дзясятка прыродаахоўных тэрыторый краіны.

Ён імкнуўся папулярызаваць прыродазнаўчыя веды, – узгадвае сяброўка краязнаўцы Таццяна Хвагіна:
– Чалавек апантаны, захоплены жаданнем новых ведаў, ведаў гістарычных, экалагічных. І жаданнем гэта бачыць на свае вочы, гэта вывучыць і абавязкова данесці іншым у выглядзе сваіх публікацый, у выглядзе экскурсій і распрацовак. Гэта вельмі блізкі мне чалавек. Ужо няма даўно нашага Аляксея Мікалаевіча. Ёсць вось такія асобы як Дуброўскі, якіх, паверце, ніхто не заменіць.
Таксама Аляксей Дуброўскі займаўся даследаваннем сталінскіх рэпрэсій і падняў пытанне, што пагаршэнне сітуацыі з радыяцыяй на беларускім Палессі пачалося раней да Чарнобыльскай аварыі. Гэта звязваў з выпрабаваннямі саветамі зброі ў палескіх балотах.
Беларускае Радыё Рацыя