Генсек НАТА заявіў пра падрыхтоўку новага расейскага наступлення



Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг лічыць, што Расея рыхтуе новую хвалю наступлення падчас сваёй агрэсіі супраць Украіны, і таксама заклікае не недаацэньваць уплыў мабілізацыі, якая праводзіцца ў РФ.

Пра гэта, як паведамляе „Еўрапейская праўда”, ён заявіў у інтэрв’ю каналу BBC Radio 4 у праграме World at One.

Енс Столтэнберг падкрэсліў, што цяпер Украіна мае перавагу на полі бою і нагадаў, што гэта працягваецца ўжо дастаткова доўга. Аднак ён лічыць, што Украіна яшчэ не адчула ўсе наступствы так званай „частковай мабілізацыі”, якая праходзіла ў РФ увосень.

Наяўныя даныя, на думку сакратарыята Альянсу, сведчаць аб тым, што Расея „гатова працягваць вайну і мае намер патэнцыйна пачаць новы наступ”, падкрэсліў ён.

Столтэнберг падкрэсліў, што Украіна мае патрэбу ў захаванні і прадаўжэнні падтрымкі з боку заходняга свету, у тым ліку ў пастаўках зброі. Таксама донары Украіны павінны быць гатовы да таго, што гэтая падтрымка працягнецца доўга. Генеральны сакратар НАТА перакананы, што такая гатоўнасць ёсць.

„Мы будзем побач з вамі, нягледзячы ні на што. Мы будзем дапамагаць вам да самай перамогі”, – запэўніў ён Украіну.

Array