Шуманскі падпісаў кантракт з кіпрскім „Арысам”



18-гадовы форвард Арцём Шуманскі падпісаў пагадненне з кіпрскім „Арысам”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Малады нападнік падпісаў з клубам з Лімасола чатырохгадовую дамову і абраў на сваёй футболцы нумар 88. Раней Шуманскі гуляў у БАТЭ. Усяго за аснову барысаўчан у актыве нападніка 33 афіцыйныя паядынкі, 5 галоў і 2 „асісты”.

„Ліверпуль” у гасцях прайграў „Брэнтфарду”

„Ліверпуль” у матчы 19-га тура чэмпіянату Англіі на выездзе прайграў „Брэнтфарду” — 1:3. Абаронца „чырвоных” Ібраіма Канатэ адправіў мяч у сваю браму на 19-й хвіліне. У канцы першага тайма Ёан Віса падвоіў перавагу гаспадароў. На 50-й хвіліне Алекс Окслейд-Чэмберлен скараціў адставанне ў ліку, але на 84-й Брыян Мбэма ўсталяваў канчатковы лік у матчы. „Ліверпуль” ідзе 6-м у турнірнай табліцы, маючы 28 ачкоў у 17 матчах. Каманда Юргена Клопа ўпусціла шанц абагнаць „Тотэнхэм”. „Брэнтфард” узняўся на 7-е месца, набраўшы 26 балаў пры 18 гульнях.

„Арсенал” зрабіў „Шахцёру” палепшаную прапанову па трансферу Мудрыка 

„Арсенал” распачаў новую спробу купіць Міхаіла Мудрыка. „Кананіры” прадставілі данецкаму „Шахцёру” палепшаную прапанову пасля адмовы „гарнякоў” прадаць вінгера за 40 мільёнаў еўра. Паводле інфармацыі журналіста Бэна Джэйкабса, агульная сума новай прапановы з усімі бонусамі складае 70 мільёнаў еўра.

Руслан Маліноўскі мае намер пайсці з „Аталанты”. 

 Паўабаронца „Аталанты” Руслан Маліноўскі мае намер змяніць каманду. У паслугах 29-гадовага ўкраінскага футбаліста зацікаўлены „Вэст Хэм”, „Тотэнхэм” і „Марсэль”. „Вэст Хэм” больш за ўсіх зацікаўлены ў падпісанні футбаліста і гатовы заключыць з ім паўнавартасны кантракт. „Тотэнхэм” і „Марсэль” прапануюць толькі арэнду. Маліноўскі стаў гульцом „Аталанты” летам 2019 года. У гэтым сезоне паўабаронца ў 18 матчах ва ўсіх турнірах забіў два галы і аддаў дзве выніковыя перадачы. 

Зборную Бельгіі могуць узначаліць Бенітэс або Вілаш-Боаш

На пасаду галоўнага трэнера зборнай Бельгіі пасля адстаўкі Раберта Марцінеса прэтэндуюць Рафаэль Бенітэс і Андрэ Вілаш-Боаш. Іспанец і партугалец былі дададзены ў шорт-ліст настаўнікаў зусім нядаўна. На дадзены момант абодва спецыялісты нідзе не працуюць. Раней Бенітэс узначальваў „Эвертан”, а Вілаш-Боаш трэніраваў „Марсель”, які пакінуў у 2021 годзе.

Міскевіч перайшоў у клуб наймацнейшага дывізіёна чэмпіянату Ісландыі

Беларускі брамнік Павел Міскевіч, які выступаў у чэмпіянаце Іспаніі па гандболе за „Сан-Хасэ” з трэцяга дывізіёна, працягне кар’еру ў ісландскім „Вестман-аэй-яры” з першага дывізіёна. Кантракт разлічаны да канца сезона, паведамляе прэс-служба клуба. „Вестманнаэйяр” — двухразовы чэмпіён Ісландыі. У сезоне-2017/18 каманда сустракалася з „Гомелем” у трэцім раундзе Кубка выкліку і двойчы перамагла 31:27, 32:27. Цяпер займае пятае месца ў чэмпіянаце Ісландыі, маючы на адзін-два матчы менш, чым у канкурэнтаў.  Раней Міскевіч правёў тры гульні за зборную Беларусі.

Надаль прайграў шэсць з апошніх сямі матчаў – упершыню за амаль 20 гадоў.

22-разовы пераможца турніраў „Вялікага шлема”, другая ракетка свету іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль саступіў аўстралійцу Алексу дэ Мінору 6:3, 1:6, 5:7 на камандным турніры United Cup, які праходзіць у Аўстраліі. Такім чынам, гэтая параза стала для Надаля ўжо шостай у апошніх сямі матчах. Апошні раз Надаль прайграваў шэсць з сямі апошніх матчаў амаль 20 гадоў таму.

Азаранка правяла майстар-клас для аўстралійскіх дзяцей у Адэлаідзе

Напярэдадні старту на турніры ВТА ў Адэлаідзе экс-першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка паўдзельнічала ў „Kids day”. Беларуска правяла для юных аўстралійскіх тэнісістаў майстар-клас і аўтограф-сесію.

Беларускае Радыё Рацыя