Агляд прэсы: намаганні для міру



Як кампаніі ў Цэнтральнай Азіі дапамагаюць Беларусі абысці санкцыі Захаду. Ці сёлета скончыцца вайна супраць Украіны? У Бразіліі новы «стары» прэзідэнт. Кавід вымагае абмежаванняў на ўезд для кітайцаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У сакавіцкім пакеце ЕЗ у 2022 годзе супраць Беларусі санкцыі былі пашыраны і ахоплівалі ўсю прадукцыю дрэваапрацоўкі (г.зн. усё, што падпадае пад мытны код 44). Больш за тое, Forrest Stewardship Council (FSC) вырашыў прыпыніць дзеянне гандлёвых сертыфікатаў для Беларусі, што яшчэ больш ускладніла продаж Беларусі сваёй прадукцыі на сусветным рынку», – піша еўрапейскае выданне bne IntelliNews.

«Дрэваапрацоўчая прадукцыя з’яўляецца важным дадатковым даходам для дзяржаўнага бюджэту Беларусі, які раней асабліва павялічваўся ў перыяды зніжэння асноўных крыніц даходаў, такіх як даходы ад нафтапрадуктаў. Трапленне пад санкцыі ЕЗ прадукцыі з мытным кодам 44 прывяло да падзення экспарту беларускай лесапрадукцыі ў ЕЗ з чэрвеня 2022 года больш чым у 30 разоў. Аднак Менск не збіраўся змірыцца з тым, што яго дрэваапрацоўчая прадукцыя была выключана з рынку ЕЗ. У нядаўнім расследаванні Беларускі цэнтр расследаванняў (BIC) выявіў, як прыватныя кампаніі ў Цэнтральнай Азіі, часта створаныя былымі беларускімі дзяржаўнымі чыноўнікамі, дапамагаюць кліентам абыходзіць санкцыі ЕЗ. Напрыканцы чэрвеня 2022 года Беларусь засакрэціла статыстыку гандлю не толькі з краінамі Захаду, але і з краінамі СНД; зручны час, паколькі імпарт драўніны ў ЕС з Казахстана і Кыргызстана пачаў імкліва расці адразу пасля ўступлення ў сілу санкцый. Да кастрычніка 2022 года імпарт драўніны ў ЕЗ з Казахстана і Кыргызстана вырас у 74 і 18 000 разоў у гадавым вылічэнні адпаведна. Агулам гэта складае 30 мільёнаў еўра экспартнай выручкі дзвюх краін Цэнтральнай Азіі. Безумоўна, у гэтым павелічэнні ёсць нешта падазронае, бо ў Казахстана і Кыргызстана толькі 5% і 6% адпаведна лясістай тэрыторыі; Лясістасць Беларусі, наадварот, складае 40%.У Польшчы таксама зарэгістраваная кампанія-імпарцёр «Беларуская лясная кампанія» (BLK), яка да верасня 2022 года пералічыла сваёй галаўной кампаніі — РУП «Мастоўдрэў» — $17 млн. Таксама BLK пачаў працаваць з новымі пастаўшчыкамі з Украіны і Казахстана», – піша еўрапейскае выданне.

У апошнія дні Расея зноў і зноў атакавала Украіну ракетамі і іранскімі дронамі Shahed. Украіна адказала двума масіраванымі ўдарамі па размешчаных недалёка ад перадавой баз расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго, паводле паведамленняў, былі ліквідаваныя сотні салдат арміі РФ. Еўрапейская прэса разважае пра тое, ці ёсць шанец на тое, што вайна скончыцца на працягу гэтага года. Эстонская газета Õhtuleht прагназуе заканчэнне вайны ўлетку з-за ўнутраных зменаў у Расеі, калі Пуціна абвесцяць памерлым, а віна за вайну будзе перакінута на генералаў. Больш асцярожныя прагнозы робіць славацкая газета Pravda.

«Нават калі б Пуціна ўжо не было, перспектыва міру ўсё роўна заставалася б вельмі імглістай. Не будзем аддавацца ілюзіям і меркаваць, што без Пуціна Расея кардынальна змяніла б сваю пазіцыю. Гэта – імперская дзяржава, якая глыбока пагарджае малымі нацыямі і краінамі. У той час як Украіна вызваляе сама сябе, мы ў Еўропе павінны ўзвесці надзейныя доўгатэрміновыя бар’еры бяспекі, якія б баранілі нас ад Расеі. Без гэтых бар’ераў вайна ніколі не скончыцца, і ўкраінцы, і ўвесь свет – не здабудуць доўгатэрміновага міру і спакою ў адносінах з Расеяй», – адзначае славацкае выданне.

Больш за дзесятак кіраўнікоў замежных дзяржаў і ўрадаў прыбылі ў нядзелю ў горад Бразіліа на інаўгурацыю Лулы да Сілва. Чаканні, якія звязваюцца з новым прэзідэнтам Бразіліі, які паабяцаў абараніць лясы Амазоніі, высокія. Аднак аглядальнікі папярэджваюць: не варта аддавацца залішняму аптымізму. Прынамсі так робіць нямецкая газета Die Welt.

«Лула, як і Балсанару – папуліст, толькі з левага лагера. Падчас перадвыбарнай кампаніі Лула, як і Балсанару, махаў шашкай направа і налева, абражаючы і дыскрымінуючы сваіх супернікаў, а таму наўрад ці даводзіцца чакаць, што зараз ён раптам ператворыцца ў міратворца. Лула заўсёды выступаў за здабычу «смяротнай» для клімату нафты і ў сваю першую прэзідэнцкую кадэнцыю высек такую колькасць лясоў, што з сённяшняга пункта гледжання проста валасы дыбарам устаюць. Рэальнасць на дадзены момант такая: нафтаздабываючая прамысловасць спадзяецца на стварэнне сотняў тысяч новых працоўных месцаў, што не падобна на правядзенне ў жыццё мер па абароне клімату. Але калі меркаваць па справядлівасці, то Лула заслужыў шанец даказаць, што ён здольны стаць міратворцам і абаронцам клімату», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Пасля таго як улады Кітая адмянілі палітыку «нулявой цярпімасці да кавіду», колькасць выпадкаў заражэння ў краіне стала расці ў геаметрычнай прагрэсіі. Адпаведна, павялічваецца і рызыка мутацый. Тым часам многія еўрапейскія краіны, у тым ліку Італія, Францыя і Гішпанія, увялі для тых, хто ўязджае з Кітая, абавязковыя тэсты на каранавірус. Нямеччына, наадварот, робіць стаўку на высокі калектыўны імунітэт. «Еўрапейскія ведамствы павінны пільна назіраць за развіццём сітуацыі з кавідам у Кітаі», – патрабуе фінская газета Turun Sanomat.

«Сітуацыя з каранавірусам у Кітаі зусім не такая бяскрыўдная, як сцвярджаюць афіцыйныя асобы. Еўрапейскі цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворвання лічыць, што тэставанне для тых, хто ўязджае з Кітая на карону – неабавязковая мера. Паводле дадзеных ведамства, каранавірус распаўсюджаны настолькі паўсюдна, што ўплыў кітайскіх турыстаў нават у найгоршым выпадку апынецца вельмі малаважным. Акрамя таго, новыя мутацыі могуць узнікаць дзе заўгодна, так што спыніць іх распаўсюджванне будзе вельмі цяжка. Сітуацыя вельмі сур’ёзная. Кітайцы павінны прадастаўляць падрабязную актуальную інфармацыю. Сітуацыя з кавідам у Кітаі патрабуе нястомнай і пільнай увагі з боку міністэрстваў аховы здароўя еўрапейскіх краін», – піша фінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array