Батумі: Святочны прабег Пажаданняў



У грузінскім Батумі у першыя дні 2023 году адбыўся святочны забег Пажаданняў, у якім прынялі ўдзел і беларускія актывісты. Пра ўдзел беларусаў распавядае адна з ўдзельніц беларуска Мілана:

– Навагодні забег жаданняў. Арганізатарамі яго была група трыатланістаў Батумі плюс далучыўся наш бегавы клуб і людзі, якія проста любяць бег і займаюцца ім. Гэта забег сабраў амаль 70 чалавек. Беглі мы сімвалічна 2023 метра, кожны таксама пісаў свае жаданні на наступны год. А пасля фініша святкавалі мандарынамі і шампанскім.

Па словах Міланы беларусы з’яўляюцца адной з самых актыўных супольнасцяў у спартовай грамадзе грузінскага Батумі: 

– Беларусы, як заўсёды, асноўны актыў. Прыкладна 70% удзельнікаў любой прабежкі – гэта беларусы. Гэта вельмі актыўная нацыя. Асноўныя – беларусы, расейцы, украінцы, далей ідуць казахі, ёсць прадстаўнікі ўсіх краін. Недзе Польшча, Ізраіль, часам далучаюцца мясцовыя.

Беларусы Батумі таксама прымаюць актыўны ўдзел не толькі ў спартовых мерапрыемствах у Грузіі, але таксама амаль штодня ладзяць таксама і культурныя і палітычныя акцыі рознага зместу. 

Беларускае Радыё Рацыя