З Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі звольнены дырыжор Алег Лясун
Звальненне аднаго з вядучых дырыжораў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі адбылося ў канцы снежня 2022 года, піша Reform.by з спасылкай на ўласныя крыніцы з музычных колаў.

Алег Лясун працаваў дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі з 1999-га па 2011 год і з 2013 года па цяперашні час.
У якасці музычнага кіраўніка Алег Лясун ставіў спектаклі «Лючыя дзі Ламермур» Г. Даніцэці, «Сястра Анжаліка» і «Джані Скікі» Дж. Пучыні, «Гульцы-1942» і «Антыфармалістычны раек» Д. Шастаковіча ў камерным музычным тэатры «Санктъ-Петербургъ Опера»; у якасці дырыжора-пастаноўшчыка працаваў над аперэтай «Арфей у пекле» Ж. Афенбаха ў Францыі. З 2010 года Алег Лясун з’яўляецца музычным асістэнтам фестывалю Tirolerfestspille Erl (Аўстрыя).
У рэпертуары дырыжора — 23 оперы, у тым ліку «Лятучы галандзец» Р. Вагнера, «Набука» Дж. Вердзі, «Дон Жуан» В.А. Моцарта, і 13 балетаў, у тым ліку «Страсці» («Рагнеда») А. Мдзівані ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева.
Reform.by не выключае, што звальненне Алега Лесуна — далёка не адзінае ў Вялікім тэатры оперы і балета за апошні месяц 2022 года. У культурных установах да пачатку года адбыліся «чысткі» ўсіх «нядобранадзейных» супрацоўнікаў, якія выказалі сваю пазіцыю ў 2020-м.