Палітвязень Мікалай Аўтуховіч за кратамі сустракае 60-я ўгодкі



Беларускі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў Ваўкавыску.

Пасля школы скончыў СПТВ-37 у Вялікай Бераставіцы, працаваў механікам па рамонце аўтамабіляў. З 1981 г. служыў у арміі ў Саратаўскай вобласці Расеі кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Пазней скончыў школу прапаршчыкаў, служыў у Афганістане. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старшым прапаршчыкам, пачаў займацца бізнесам.

Быў зняволены 7 ліпеня 2006 г. на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама — у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Тэрмін зняволення пачаў адлічвацца ад 15 кастрычніка 2005 г., калі яго пасадзілі ў следчы ізалятар калоніі N1 у Менску.

Суд па канфіскацыі маёмасці адбыўся пад канец 2007 г. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зняволенага засталася таксама аўтабаза, палова яго таксі і адзін асобны будынак. Тым часам, былі канфіскаваныя 13 таксі, кватэра і два склады. Да спагнання была прызначана сума большая за 350 мільёнаў рублёў.

Мікалай Аўтуховіч быў адным з шасці палітзняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС, аднак 8 лютага 2009 г. яго зноў затрымалі і ў 2010 г. асудзілі. Здароўе Аўтуховіча тады было сур’ёзна падарванае серыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў зняволення паводле артыкула 295 частка 3 — «Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова Аўтуховіча асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення — прысуд матываваны тым, што новае злачынства ён учыніў у тэрмін меншы за 2 месяцы ад часу папярэдняга пакарання. Такім чынам, цяпер Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення ва ўмовах строгага рэжыму, без канфіскацыі маёмасці.

Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 у г. Івацэвічы. У снежні 2011 года на месяц быў змешчаны ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Рашэннем суда, які адбыўся 17 студзеня 2012 года, быў пераведзены ў турму Гародні. 8 красавіка 2014 года Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю.

Пасля першага вызвалення Аўтуховіч стаў адным з арганізатараў руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны». У аргкамітэт увайшлі таксама вядомы праваабаронца Алег Волчак і старшыня грамадскага аб’яднання інвалідаў афганскай вайны Аляксандр Камароўскі. У 2009 годзе ўсе трое адмовіліся атрымліваць медалі ў сувязі з 20-годдзем вываду войскаў з Афганістана, назваўшы амаральным атрыманне такіх узнагарод пасля адмены льготы ветэранам баявых дзеянняў у гэтай краіне.

Мікалая Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей, затрымалі ў снежні-студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго па «справе Аўтуховіча» праходзіла 12 чалавек. 

Яго асудзілі па ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй); ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); ч. 3 арт.130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 290-2 КК (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго); ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў); ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад); ч.1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў). 

Гарадзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд — 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму (адбываць пакаранне будзе першыя 5 гадоў у турме, астатні тэрмін — у калоніі), штраф 1 000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), а таксама пазбаўленне звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.

Справу „разглядаў” суддзя Гарадзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівалі намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў