Памёр жыхар Наваполацку, якому ў жніўні 2020 у ногі прыляцела міліцэйская граната
Вячаслаў Сліжыкаў быў паранены ў Наваполацку 10 жніўня 2020 году падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Апынулася, яму пад ногі прыляцелі адразу дзве светлашумавыя гранаты, што кінулі сілавікі.

Мужчыну, які працаваў аператарам на «Нафтане», вынеслі з вуліцы ў пад’езд і выклікалі хуткую дапамогу. Паводле эпікрызу, Вячаслаў меў агнястрэльныя раны абедзвюх ног, грудной клеткі ды левага пляча.
Мужчыну, пакуль ён быў у лякарні, пагражалі пераследам, да яго прыходзілі і апытвалі наконт «беспарадкаў у горадзе». Пасля выпіскі ён працягнуў хадзіць на акцыі, якія наведваў праз боль. Затым, калі праблемы са здароўем працягнуліся, Сліжыкаў адправіўся ў Латвію на рэабілітацыю, адкуль ужо не стаў вяртацца праз небяспеку крымінальнага пераследу і пачаў жыць з дзяўчынай у лагеры для ўцекачоў.
29 снежня праз сэрцавую няздатнасць мужчына памёр. 5 студзеня яго цела, перавезенае ў Беларусь, пахавалі на радзіме. Ад першага шлюбу ў Вячаслава засталіся трое няпоўнагадовых дзяцей.