Заснавальніка Symbal.by Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржаве
Заснавальніка Symbal.by Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Следства паставіла ў віну 35-гадоваму Паўлу Белавусу, што на працягу дзесяці гадоў ён нібыта вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

БелТА са спасылкай на высновы следства паведамляе, што Паўла Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржаве i кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем.
„Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі”, — паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Менску Сяргей Паско.
У 2011 годзе Павел Белавус разам з сябрамі стварылі інфармацыйна-асветніцкую арганізацыю „Арт Сядзіба”. Пазней ён стварыў краму Symbal.by. Праз ціск уладаў на пачатку сакавіка 2021-га краму закрылі.
У 2020 годзе Павал стварыў грамадскую кампанію „Годна”, якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак.