Сафіі Сапезе адмовілі ў памілаванні



Пра адмову ў памілаванні выданню «Медыязона» паведаміў яе адвакат Антон Гашынскі. 

Грамадзянка Расеі Сафія Сапега, затрыманая вясной 2021 года разам з Раманам Пратасевічам пры пасадцы ў Менску самалёта авіякампаніі Ryanair, адбывае шасцігадовы тэрмін у калоніі за адміністраванне тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі».

Раней паведамлялася, што першы этап працэдуры памілавання дзяўчына, якая падчас следчых дзеянняў заключыла пагадненне са следствам, прайшла і да канца 2022 года магла быць вызваленая. 

«Адміністрацыя калоніі дала станоўчае заключэнне па хадайніцтве Сафіі і прызнала, што ёю прынятыя ўсе меры для звароту па памілаванне. Далей яго будзе разглядаць камісія па пытаннях памілавання пры Лукашэнку, на гэта можа сысці каля 3 месяцаў», — сказаў тады Антон Гашынскі.

Сапега падала прашэнне Лукашэнку праз адміністрацыю жаночай калоніі ІК-4 у Гомелі ў канцы чэрвеня 2022 года.