Айцішнікам КДБ прапануе адкупіцца «ўнёскамі на дабрачыннасць»
Двое кіраўнікоў кампаній-рэзідэнтаў ПВТ распавялі рэдакцыі dev.by, што некалі данацілі ў фонды салідарнасці, а цяпер самі з’явіліся ў КДБ, расказалі пра гэта і ў якасці кампенсацыі заданацілі ў дзяржаўныя арганізацыі.
Нейкі знаёмы, паводле гэтых двух кіраўнікоў розных кампаніяў, папярэдзіў іх, што за колішнія данаты фондам ByHelp і BySol іх могуць чакаць наступствы. Пасля гэтага абодва кіраўнікі (dev.by называе іх Юры і Марыя) на ўласную ініцыятыву прышлі ў КДБ, дзе прызналіся ў сваіх данатах, пацвердзіўшы іх выпісамі з банкаў. Пасля гэтага супрацоўнікі КДБ прапанавалі ім зрабіць «добраахвотныя» дабрачынныя ўнёскі, на выбар: «у дзіцячыя дамы, хоспісы, спецшколы і падобныя ўстановы» ў 10-кратным памеры ранейшага данату ў фонды салідарнасці.
Dev.by пацвердзіла звалненне як мінімум аднаго банкаўскага менеджара высокага ўзроўню «за данат».
Заснавальнікі двух фондаў (BySol і ByHelp) Андрэй Стрыжак і Аляксей Лявончык выключаюць выцек баз дадзеных аб людзях, якія рабілі данаты. На іх думку, інфармацыю маглі прадставіць банкі, у спісах могуць быць тыя, хто данаціў куды-небудзь праз Facebook з беларускіх карт.