Чацвёртае судовае паседжанне па „справе „Вясны”



У судзе Ленінскага раёна Менска 11 студзеня працягнуўся суд «па справе Вясны», фігурантамі якой выступаюць старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў, які вымушаны быў пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна, паведамляе „Вясна”.

Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай паўтара года.

Гэта чацвёртае судовае пасяджэнне. Сёння суд працягнуў знаёміцца з паказаннямі сведак. Але ні адзін з іх сёння не быў дапытаны асабіста па розных прычынах — у асноўным, таму што знаходзяцца за мяжой. На судзе зачыталі іх паказанні, дадзеныя падчас следства. Сярод іх, напрыклад, паказанні магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля.

Акрамя гэтага, суддзя знаёмілася з пратаколамі допыту двух сведак са змененымі прозвішчамі. Адна з іх — Карповіч. Валянцін Стэфановіч на першым пасяджэнні настойваў, што гэта прапагандыстка Алена Красоўская, якая піша артыкулы пра суд над вясноўцамі для «СБ», і прасіў выдаліць яе з залы суда. Суддзя не задаволіла хайдайніцтва праваабаронцы, бо нібыта гэта толькі яго здагадкі. Але сёння Запаснік нават не зачытвала гэтыя паказанні ўслых «у мэтах бяспекі» гэтых засакрэчаных сведак.

Трох праваабаронцаў працягваюць утрымліваць на судзе ў клетцы ў кайданках, нягледзячы на іх хадайніцтвы на папярэдніх пасяджэннях зняць іх. Уладзь Лабковіч, якому ўчора выклікалі «хуткую» на суд, працягвае хварэць. Захварэў таксама і Алесь Бяляцкі.