ГУБАЗіК затрымаў яшчэ аднаго прадпрымальніка за дапамогу Украіне
У адным з неафіцыйных тэлеграм-каналаў ГУБАЗіК з’явілася паведамленне пра затрыманне прадпрымальніка ў Гомлі і відэа жорсткага абыходжання з ім. Арышт праводзіў ГУБАЗіК пры падтрымцы атраду АМАП у поўнай амуніцыі. Сілавікі ўварваліся ў кватэру, павалілі гаспадара на падлогу, сцягнулі рукі за спінай кайданкамі.

Як піша гомельскае выданне „Флагшток”, імя затрыманага прадпрымальніка Юры Ташкінаў. У сацыяльных сетках ён выказваўся супраць вайны ва Украіне і публікаваў справаздачы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам украінскага памежжа, якія трапілі пад расейскую акупацыю ў пачатку вясны 2022 году.
На відэа, знятым пад ціскам, прадпрымальнік кажа, што нібыта рабіў ахвяраванні ў фонд BySol. Паводле сілавікоў, грошы „ішлі на рахункі прыватных тэрарыстычных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны”.