Псеўдаачышчэнне
Паслянавагодняя ракетная паўза РФ скончылася раніцай 14 студзеня. Трэці богаабраны народ і другое войска свету любяць даты, сімвалы і гучныя заявы. Таму Украіна ўспрыняла „каляднае перамір’е” выключна як элемент прапаганды. І чым больш свята, тым мацней ступень асатанення.
-

Фота: google.com.ua
Набліжаецца праваслаўнае Вадохрышча, а гэта значыць, што і павялічваецца верагоднасць новых масіраваных нападаў. Гэта ж так па-руску: выпіць гарэлкі, каб сагрэцца, перажагнацца, скокнуць у палонку, брудна вылаяцца з-за кантакту з ледзяной вадой, а потым нанесці ўдар па брацкім народзе. І зноў у палонку – у знак ачышчэння і абнаўлення. У адрозненне ад Расіі, дзе гэта набыло маштаб масавага псіхозу, для ўкраінцаў Вадохрышча – гэта, у першую чаргу, абрад асвячэння вады.
Напярэдадні Свята святары расказваюць вернікам аб традыцыях продкаў: у мароз не купаліся, а тым больш не распраналіся ў прысутнасці духоўніка. Пасля асвячэння ў палонцы набіралі ваду, каб потым піць яе цэлы год, таму не забруджвалі яе купаннем. Таксама, паводле народных звычаяў, у асвячоных вадохрышчанскіх крыніцах нельга было праць бялізну цягам тыдня, каб не апаганіць святую ваду. Таму купанне ў палонцы святары больш звязваюць з язычніцкім абрадам, які з часам быў адаптаваны да хрысціянскага свята. А зараз, падчас вайны, акунацца ў ваду ва ўкраінскіх вадаёмах проста небяспечна для жыцця з-за наяўнасці ў іх выбуховых прылад, пакінутых рускімі „братамі”.
Уяўнае перамір’е і ўяўная пабожнасць, якая не мае нічога агульнага з хрысціянскай мараллю. „Па веры вашай будзе вам”. Яны любяць сімвалы. Некалькі дзён таму невядомая расійская актывістка пакінула пасланне для кіраўніка РПЦ Кірыла ля галоўнага храма Масквы: „Гундяй, не убий”. Сымбалічна?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя