Вадзім Мажэйка: Судзячы Бяляцкага, рэжым паказвае, што нішто не можа замінаць рэпрэсіям
З палітычным аналітыкам Вадзімам Мажэйкам у нашым эфіры абмеркавалі судовы працэс над праваабаронцамі “Вясны”, а таксама санкцыйную палітыку ў дачыненні да Беларусі і візіт у Менск Сяргея Лаўрова.
РР: Судовы працэс над праваабаронцамі – важная падзея тыдня. Здаецца, нават у СССР не судзілі Нобелеўскіх лаўрэатаў. Чаму рэжым Беларусі так глядзіць на гэтую сітуацыю?
Вадзім Мажэйка: Рэжым Беларусі, судзячы Алеся Бяляцкага, дэманструе нетыповы для свету прыклад. Мне здаецца, гэта сведчыць акрамя ўсяго таго, пра што сведчаць рэпрэсіі, у дадзеным выпадку – пра тое, наколькі ўлады Беларусі адарваныя ад сусветнага кантэксту, ад кантэксту еўрапейскага. Яны не асабліва разумеюць, як выглядае суд над Нобелеўскім лаўрэатам. І гатовыя не звяртаць увагу на наступствы. Гэта, канешне, вельмі недальнабачна і неразумна. Фактычна правакаванне дзеля правакавання і дзеля дэманстрацыі таго, што быццам нішто не можа замінаць рэпрэсіям нават у дачыненні да Нобелеўскага лаўрэата.
РР: Ці санкцыйная палітыка ўплывае на ўлады Беларусі? Бо варта ўзгадаць, што Украіна выступіла супраць санкцый. Можа варта прыгадаць, што Зяленскі з Ціханоўскай не сустракаўся, і ўвогуле ўкраінцы ў гэтай сітуацыі імкнуцца на двух крэслах уседзець?
Вадзім Мажэйка: Я б звярнуў увагу на два моманты. З аднаго боку, Украіна ўсё ж такі не прызнала гэты факт. Ізноў такі мы не ведаем, так гэта ці не. Але калі нават гэта так, то Украіна як мінімум не лічыць санкцыі нечым іміджава добрым. Другі момант, – гэтую інфармацыю падаў карэспандэнт “Радыё Свабода” ў Бруселі Рыкард Ёзвяк. Які, прынамсі, заўсёды калі што пісаў пра санкцыі, гэта заўсёды спраўджвалася. Таму варта будзе паглядзець і на тое, што здарыцца ў новым санкцыйным пакеце, ці будзе далучана Беларусь, прынамсі, Урсула фон дэр Ляйен казала, што будзе. І таксама трэба будзе паглядзець, якой надалей будзе па гэтым пытанні публічная пазіцыя Украіны. Бо зараз да гэтай сітуацыі прыцягнулі ўвагу. Бо так, пазіцыя Украіны дваістая. Ёсць чаканне, што, маўляў, не трэба дражніць Лукашэнку, не трэба кантактаваць з Ціханоўскай, можа і санкцыямі не дражніць. Можа і такія настроі ёсць.
РР: Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 19-га студзеня прыедзе ў Менск. Навошта ён ляціць у Беларусь?
Вадзім Мажэйка: Беларусь і Расея ў цяперашніх умовах – гэта краіны, якія ўзаемадзейнічаюць эканамічна і знешнепалітычна вельмі моцна. Вельмі моцна каардынуюць сваю дзейнасць. Маюць велізарную колькасць сумесных праектаў. І таму хутчэй, калі, напрыклад, спыняцца ўсялякія кантакты паміж Лукашэнкам і Пуціным, калі не будзе сустрэчаў на роўні чыноўнікаў, вось гэта будзе дзіўна. А той факт, што такія сустрэчы працягваюцца, сапраўды, цалкам зразумела. Таму ў гэтым сэнсе ў візіце Лаўрова ў Менск не бачу патрэбы шукаць складаныя канспіралагічныя тэорыі. Прычыны для такіх візітаў на паверхні.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array
