У Грузіі памёр акцёр і спявак Вахтанг Кікабідзэ



У Грузіі ва ўзросце 84 гадоў памёр вядомы акцёр Вахтанг Кікабідзэ.

Фота sova.news

Пра гэта паведаміў грузінскі тэлеканал «Мтавары архі». Вахтанг Кікабідзэ — савецкі і грузінскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст, спявак і аўтар песень, а таксама палітычны дзеяч. Быў прызнаны народным артыстам Грузінскай ССР, заслужаным артыстам Украіны, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.

Ён стаў шырока вядомы па ўсім СССР у 1970-я гады дзякуючы сваім ролям у фільмах Георгія Данелія, такіх як  «Міміно» і «Не бядуй!». Агулам сыграў больш як у 20 фільмах, апошняя роля — ва ўкраінскім серыяле «Сваты-7».

Папулярнымі былі таксама песні, якія выконваў Кікабідзэ, у тым ліку на расейскай мове — «Мае гады, маё багацце», «Праводзіны кахання» ды іншыя.

Апошнія гады Кікабідзэ неаднаразова выступаў ва Украіне, выступаючы ў падтрымку гэтай краіны і з крытыкай дзеянняў Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя