Агляд прэсы: квадратура круга



Асцярогі гібелі мігрантаў растуць пасля знойдзеных цел на мяжы Беларусі і Польшчы. Апгрэйд Расеі перад калапсам? Гарызонты пратаколу па Паўночнай Ірландыі. Жаночае пытанне Гішпаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Польскія ўлады абшукалі водна-балотныя ўгоддзі на мяжы з Беларуссю ў пятніцу пасля таго, як у раёне, дзе тысячы мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі спрабавалі трапіць у Еўрапейскі звяз, былі знойдзеныя тры целы. Адно з трох цел было ідэнтыфікавана каля мяжы Польшчы з Беларуссю, як еменскі лекар, яшчэ два целы застаюцца неапазнанымі», – піша ізраільская газета The Jerusalem Post.

«Смерць еменскага доктара каля мяжы, дзе тэмпература зімой часта апускаецца ніжэй за нуль, была пацверджана 7 студзеня. Асобы двух іншых, знойдзеных у чацвер і пятніцу, пакуль не пацверджаны, але, верагодна, яны былі мігрантамі. У той час як турыстычныя агенцтвы з тых часоў былі зачыненыя, мігранты працягваюць накіроўвацца ў Беларусь у надзеі перабрацца ў Польшчу, якая з’яўляецца чальцом ЕЗ, дзе таксама пражывае больш за 1,5 мільёна бежанцаў ад амаль гадавога ўварвання Расеі ва Украіну. Варшава паставіла на мяжы з Беларуссю сталёвы бар’ер вышынёй 5,5 метраў, абсталяваны электроннымі датчыкамі, каб паспрабаваць спыніць паток, але гэта не перашкаджае людзям прыходзіць. Ужо сёлета памежнікі зафіксавалі 530 спробаў перасячэння мяжы з Беларусcю, а Grupa Granica атрымала 121 званок аб дапамозе і аказала дапамогу 84 чалавекам. Для некаторых гэта падарожжа сталася смяротным. Grupa Granica ацэньвае колькасць загінулых у 33 чалавекі», – адзначае ізраільскае выданне.

***

«Перастаноўкі ў камандаванні групоўкай расейскіх войскаў ва Украіне аналізуюць перш за ўсё як эпізод апаратнай барацьбы. Большасць каментароў зводзіцца да таго, што прызначэнне Валерыя Герасімава кіраўніком «СВА» – гэта перамога клана Шайгу – Герасімава над кланам Прыгожына – Кадырава. Не адмаўляючы вострага суперніцтва гаспадара ПВК «Вагнер» і лідара Чачні з міністрам абароны і начальнікам Генштаба, неабходна падкрэсліць, што рашэнне аб замене Сяргея Суравікіна Валерыем Герасімавым прымаў не Шайгу, а Пуцін», – камэнтуе сітуацыю расейскае выданне Graniru.

Прыгожын і «Вагнер» – гэта пуцінская крэатура, і пры неабходнасці дыктатар заўсёды можа адправіць іх у нябыт. Усё ж галоўнае, да чаго імкнецца Пуцін – ваенная перамога над Украінай. Відавочна, Суравікін не апраўдаў пуцінскіх надзей. За тры месяцы яго камандавання расейскія войскі, якія вымушана эвакуіравалі херсонскі плацдарм, ніякіх істотных поспехаў у Данбасе так і не дасягнулі. Страты вагнераўцаў і рэгулярных расейскіх войскаў у баях за Бахмут і Саледар сталі рэкорднымі за ўсю вайну. Да таго ж сваімі бесперапыннымі штурмамі Бахмута і спробамі наступаць у іншых кропках Данбаса Суравікін стварыў дэфіцыт артылерыйскіх снарадаў, не дасягнуўшы сур’ёзных поспехаў. Тым не менш, як сведчыць маштабны ракетны ўдар па энергааб’ектах 14 студзеня, новы кіраўнік «спецаперацыі» не адмовіўся ад тэрарыстычнай тактыкі свайго папярэдніка. Верагодна таму, што ніякіх іншых варыянтаў дзеянняў не засталося. Існуе вялікая верагоднасць таго, што Герасімаў паспрабуе паўтарыць паход на ўкраінскую сталіцу, калі зможа назапасіць дастаткова сіл і сродкаў на кіеўскім напрамку. Хаця пакуль што фармавання расейскай ударнай групоўкі ў Беларусі не заўважана. Адзіным значным вынікам, да якога прывяла стратэгія генерала Суравікіна, стала паскарэнне паставак Украіне заходніх узбраенняў, прычым такіх, якія раней краіны NATO пастаўляць адмаўляліся, у тым ліку ў лісце чакання – танкі «Леапард» ад розных краін NATO», – паведамляе расейскае выданне.

***

Галоўны перамоўшчык ад ЕЗ Марош Шэфчовіч, міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі і міністр урада Вялікабрытаніі па справах Паўночнай Ірландыі Крыс Хітан-Харыс, мяркуючы па ўсім, дасягнулі дамоўленасці. У сумеснай заяве, апублікаванай па выніках сустрэчы, гаворыцца аб тым, што дасягнуты кансэнсус можа стаць «новай падставай» для дыялогу па Пратаколе па Паўночнай Ірландыі. «Хоць гатоўнасць да кампрамісу няздольная тварыць цуды, яна ўсё ж дае магчымасць рухацца наперад», – спадзяецца ірландская газета The Irish Times.

«Выйсце з сітуацыі заключаецца ў тым, каб ЕЗ паказаў сябе настолькі гнуткім, наколькі гэта магчыма, калі гаворка ідзе аб кантролі тавараў, якія ўвозяцца ў Паўночную Ірландыю, а Злучанае Каралеўства пагадзілася б з тым, што без пэўнай долі кантролю не абысціся. Пернікам для Паўночнай Ірландыі тут служыць вольны доступ вырабляемых у ёй тавараў да рынкаў ЕЗ і Злучанага Каралеўства. Цана, якую ёй давядзецца за гэта заплаціць: усяго толькі непазбежныя складанасці для прадпрыемстваў і кампаній. Але пакуль лепшага выйсця не знойдзена. Пратакол далёкі ад ідэалу, але гэта – адзіны прымальны шлях, дзякуючы якому квадратура круга пасля брэкзіту можа стаць магчымай», – канстатуе ірландскае выданне.

***

Прадметам шырокай дыскусіі ў Гішпаніі стала праблема феміцыду: на працягу студзеня месяца гэтага года ў краіне ад рук сваіх мужоў ці экс-партнёраў ужо загінулі чатыры жанчыны. За снежань статыстыка яшчэ больш сумная: у выніку гвалту з боку мужчын загінулі адзінаццаць жанчын. Гішпанскі ўрад мае намер прыняць сур’ёзныя меры. Міністр унутраных спраў Фернанда Грандэ-Марласка асудзіў гвалт, назваўшы яго «мача-тэрарызмам», і заклікаў паліцыю да асаблівай пільнасці. Як адзначае гішпанская газета La Vanguardia, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць.

«Колькасць зарэгістраваных забойстваў уяўляе сабой жахлівую статыстыку, якая сведчыць аб тым, што сітуацыя вельмі складаная. Усё паказвае на тое, што паліцыя не ў стане вырашыць яе асабіста: неабходна палепшыць прафілактыку літаральна на ўсіх узроўнях. Як менавіта? За кошт павышэння ўзроўню выхавання і інфармавання грамадства аб гэтай праблеме. У прынятым у 2017 годзе парламентам пакце супраць гендэрнага гвалту пакуль што адсутнічаюць многія меры і рэсурсы, так што губляць пільнасць недапушчальна», – заклікае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Array