Судзяць Анджэя Пачобута (абноўлена)
У дыпламатычным плане Польшча робіць усё магчымае ў справе палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута. Пра гэта заявіў генеральны сакратар кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» Кшыштаф Сабалеўскі. Паверанага ў справах Польшчы ў залу суда не пусцілі. „Адпаведныя заявы, лісты і петыцыі на адрас уладаў Беларусі накіраваныя, а таксама гэтая справа паднімаецца на міжнародным форуме”, — сказаў Сабалеўскі.
Ён адзначыў, што рабіць яшчэ нейкія дадатковыя крокі сёньня складана. «Тады нам, напэўна, давялося б ужо парушаць беларускую мяжу, гаворачы аб больш рашучых кроках», — заўважыў ён. Сабалеўскі таксама дадаў, што адзіныя сродкі ціску, якія засталіся ў Польшчы, — узмацненне санкцый, у тым ліку супраць Беларусі. Аднак санкцыі ўжо, паводле яго слоў, «ня робяць вялікага ўражання на Лукашэнку і рэжым Беларусі».
* * *
На судовы працэс у Гародні прыбыў часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, паведамляе Белта. Ён сказаў, што знаходзіцца ў Гародні і як дыпламат, і як прыватная асоба.
„Мне хацелася быць тут. Хацеў падтрымаць людзей, якія прыйшлі, і самога Анджэя Пачобута, які з’яўляецца маім сябрам, знаёмым. Ён з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, але быў і ёсць прадстаўніком польскай меншасці ў Беларусі”, – заявіў Марцін Вайцяхоўскі.
На пытанне, ці не лічыць ён сваю прысутнасць у судзе ціскам і ўмяшаннем у судовы працэс, ён адказаў, што „нікому не перашкаджае”.
* * *
Галоўны рэдактар польскага перыёдыка Gazeta Wyborcza Адам Міхнік адрэагаваў на суд у Беларусі над палітвязнем Анджэем Пачобутам.

„Найперш гэта працэс супраць чалавека, які стаяў за сумленнасць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, супраць фальсіфікацый Аляксандра Лукашэнкі, — піша ён. — Гэта працэс супраць беларускай дэмакратыі і правоў польскай меншасці ў Беларусі. Гэта працэс супраць інтэлектуала і журналіста, працэс супраць свабоды слова. І, нарэшце, гэта суд над чалавекам, у якога хапіла мужнасці, паслядоўнасці і характару абараніць самае дарагое для яго — свабоду і праўду”.
Міхнік лічыць, што ў сённяшняй сітуацыі вельмі важны пасыл для беларускіх палітвязняў: „Вы не самотныя і не будзеце самотныя”. Ён перакананы, што яны „выйгралі ў любым выпадку” і выратавалі ад Лукашэнкі і яго катаў „самае дарагое — унутраную свабоду, праўду і чалавечую годнасць”. „Лукашэнка скончыць гэтак жа, як і жыў — сумна. Як скончыў Кадафі, і Чаушэску”, — падкрэслівае Адам Міхнік.
***
Працэс ужо двойчы пераносілі. Яго павінны былі распачаць 28 лістапада, а потым 9 студзеня.
Суд будзе весці суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі ад 25 сакавіка 2021 года.
Працэс будзе праходзіць у зачыненым рэжыме.
***
Сёння, 16 студзеня, пачнецца суд над вядомым журналістам і актывістам Анджэем Пачобутам. На працягу шматлікіх гадоў ён быў голасам палякаў Беларусі.

Журналіст і актывіст Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка 2021 года. Ён абвінавачваецца ў «распальванні варожасці» і «рэабілітацыі нацызму», а таксама ў закліках да санкцый.
У кастрычніку 2022 года Пачобута ўнеслі ў беларускі «спіс тэрарыстаў». Яму прапанавалі папрасіць Лукашэнку пра памілаванне, але ён адмовіўся.
Зараз ён знаходзіцца пад вартай у Гародні. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Сёння ў Беластоку, на вуліцы Вольнай Беларусі 9, адбудзецца акцыя салідарнасці з палітзняволеным. Пачатак а 18.00. Арганізатары акцыі: Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел таварыства «Wspolnota Polska».

