Данііл Боўраш набірае ачкі ў 4 матчах запар
„Руэн-Наранда” ў гасцях пацярпела паразу ад „Бе-Кома” — 2:3 у рэгулярным чэмпіянаце галоўнай юніёрскай лігі Квебека (QMJHL).
-

Фота: facebook.com/HuskiesRN
Беларускі форвард „Руэн-Наранды” Данііл Боўраш вызначыўся асістэнцкім балам на 54-й хвіліне, калі яго каманда ў большасці зраўняла лік (2:2) і перавяла гульню ў авертайм. У гэтай сустрэчы беларус набраў 1 (0+1) ачко і скончыў матч з паказчыкам карыснасці „0”. Боўраш набірае выніковыя балы ў чатырох паядынках запар. Усяго ж у 41 матчы цяперашняга сезона ён зарабіў ужо 46 (29+17) балаў пры паказчыку карыснасці „+2” і з’яўляецца лепшым бамбардзірам і снайперам сваёй каманды. Таксама з 12 галамі Данііл Боураш лідзіруе ў лізе Квебека па колькасці шайб у большасці.
Аляксандра Сасновіч стартавала на „Australian open” з перамогі
Трэцяя ракетка Беларусі (N38 ВТА) Аляксандра Сасновіч паспяхова пачала выступленне на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У першым крузе жаночага адзіночнага разраду яна справілася з 15-гадовай чэшкай Брэндай Фрухвіртавай, якая з’яўлялася адной з пераможцаў кваліфікацыі – 7:5, 6:2 Наступнай суперніцай Сасновіч стане трэцяя ракетка свету амерыканка Джэсіка Пегула.
Вікторыя Азаранка (N24 ВТА) таксама выйшла ў другі круг адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У першым раундзе яна перамагла амерыканку Сафі Кенін (203) — 6:4, 7:6 (7:3). У другім крузе Азаранка згуляе з прадстаўніцай Аргентыны Надзяй Падарошка.
А вось адзіны прадстаўнік Беларусі ў асноўнай сетцы мужчынскага адзіночнага разраду Ілля Івашка ўжо прайграў у першым крузе 32-му сеянаму Боціку ван дэ Зандшульпу з Нідэрландаў – 3:6, 6:3, 5:7, 3:6.
Дзяніс Садоўскі і Ігар Тыманюк падпісалі кантракты з берасцейскім „Дынама”
Брамнік Дзяніс Садоўскі і абаронца Ігар Тыманюк перайшлі ў берасцейскае „Дынама”. Абодва футбалісты будуць гуляць у Берасці як мінімум да канца бягучага года, паведамляе прэс-служба клуба. Садоўскі ў сезоне-2022 быў асноўным брамнікам „Гомеля”. У 21 матчы вышэйшай лігі ён прапусціў 28 мячоў, пяць сустрэч згуляў на нуль. Тыманюк правёў 20 матчаў за „Славію”, аддаўшы адну галявую перадачу.
Абаронца Юрый Панця і паўабаронца Раман Папарыга перайшлі ў „Нёман”. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Вуха”. Панця ў вышэйшай лізе-2022 правёў 28 матчаў за „Гомель”, у яго актыве гол і сем выніковых перадач. Папарыга выступаў за „Энергетык”-БДУ, разам з якім заваяваў серабро чэмпіянату Беларусі. Ён забіў два мячы і стаў аўтарам дзевяці галявых перадач.
Паўла Дзібала забіў 28-ы гол з-за межаў штрафной — за 8 гадоў у топ-5 ліг больш толькі ў Месі
Нападнік „Ромы” Паўла Дзібала аформіў дубль у вароты „Фіярэнціны” ў матчы 18-га тура серыі „А”. Адзін з галоў аргенцінец забіў з-за межаў штрафной. Ён стаў для Дзібалы 28-м за кар’еру ў чэмпіянаце Італіі. З таго часу ў топ-5 лігах Еўропы больш Дзібалы ўдарамі з-за штрафной забіваў толькі нападнік „ПСЖ” Ліянэль Месі — 55.
Беларускае Радыё Рацыя