Агляд прэсы: спіраль узбраення
Расея і Беларусь пачалі сумесныя вучэнні. Ваеннае злачынства ў Дняпры. Усё больш краін за пастаўкі танкаў для Кіева. Каго чэхі абяруць прэзідэнтам? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь заявіла ў панядзелак, што на яе тэрыторыі пачаліся сумесныя вучэнні ВПС з Расеяй на фоне засцярог, што Менск уцягваюць ва ўкраінскі канфлікт, каб змагацца разам з Масквой. Вучэнні прадоўжацца да 1 лютага», – піша міжнароднае выданне The Defense Post.
«Асноўная мэта вучэння, па словах Мінабароны Беларусі, – «павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці пры сумесным выкананні вучэбна-баявых задач».
У вучэннях будуць задзейнічаны ўсе ваенныя аэрадромы Беларусі. У ходзе вучэнняў будуць адпрацаваны вядзенне паветранай выведкі, сумеснае патруляванне дзяржаўнай мяжы, ажыццяўленне тактычнага дэсантавання, дастаўка грузаў і эвакуацыя параненых. Лукашэнка настойвае на тым, што не будзе ўводзіць беларускія войскі ва Украіну. Аднак пры гэтым Беларусь дазволіла Расеі — свайму галоўнаму палітычнаму саюзніку і галоўнаму крэдытору — выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю ў якасці стартавай пляцоўкі для наступу на Украіну», – піша міжнароднае выданне.
***
Сама меней 30 чалавек загінулі ў выніку расейскага ракетнага абстрэлу жылога дома ва ўкраінскім горадзе Днепр каля Запарожжа. Ратавальнікі працягваюць пошук ахвяр пад заваламі, аднак, паводле слоў мэра, шанцы знайсці каго-небудзь яшчэ жывым мінімальныя. Расейскае выданне The Moscow Times піша:
«Па Дняпры ўдарылі старой савецкай супрацькарабельнай ракетай Х-22. Яна нясе 960 кг фугаснай выбухоўкі, гэта самая магутная ракетная зброя РФ. На фінальным участку ракета наводзіцца дапатопнай радыёлакацыйнай сістэмай, адпаведна, тупа рэагуе на вялікія будынкі. Мяркуецца, што гэтая ракета была накіравана на Прыдняпроўскую ЦЭЦ, але перанацэлілася на жылы дом – таксама буйны радыёкантрасны аб’ект. Выкарыстанне ракеты Х-22 па наземных, а не па марскіх цэлях, тым больш блізу жылой забудовы, цалкам супярэчыць самой ідэі яе стварэння. Гэта не што іншае, як ваеннае злачынства».
***
Вялікабрытанія вырашыла перадаць Украіне танкі Challenger-2. Фінляндыя, Літва, Польшча і Гішпанія гатовы даць Украіне свае танкі Leopard, Швецыя таксама разглядае такую магчымасць. Такім чынам ціск на Нямеччыну расце, паколькі даць згоду на пастаўку танкаў, а таксама далучыцца да альянсу мусіць Берлін. Еўрапейская прэса працягвае разважаць аб падтрымцы Украіны ўсімі магчымымі сродкамі. Партугальская газета Público патрабуе ад Германіі канкрэтыкі.
«Без неабходных ёй танкаў і бронетэхнікі Украіна рызыкуе апынуцца ў невыгодным становішчы пры спробе вярнуць страчаныя тэрыторыі. Зразумела, што Берлін не збіраўся праяўляць празмерную стараннасць ні ў выпадку падтрымкі Украіны, ні ў дачыненні да варожа настроенай Расеі, выдатна ўсведамляючы, што ён не павінен упускаць аніводнай магчымасці для ўмацавання сваіх палітычных і эканамічных сувязяў з Масквой. Аднак цяпер, падчас гэтай вайны, якая ўсё больш набывае характар сутычкі за будучыню балансу сіл у Еўропе, Олафу Шольцу неабходна вырашыць, што для яго мае большае значэнне: цяперашні супраціў Украіны ці ж будучыня адносінаў з Масквой», – ставіць перад выбарам партугальскае выданне.
***
Экс-прэм’ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш і адстаўны генерал НАТО Пётр Павел стануць сапернікамі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Абодва атрымалі каля 35 працэнтаў галасоў у першым туры. Прафесар эканомікі Данушы Нярудава заняла трэцяе месца, набраўшы крыху менш за 14 працэнтаў галасоў, і ўжо выказала сваю падтрымку Пятру Паўлу ў другім туры, намечаным на 27 і 28 студзеня. «З прыходам да ўлады Бабіша міжнародная падтрымка Украіны ў вайне, развязанай Расеяй, дасць яшчэ адну расколіну», – лічыць Ukrajinska Prawda.
«Еўраскептычныя настроі Бабіша гармануюць з поглядамі венгерскага прэм’ера Віктара Орбана. Перамога Бабіша дазволіць Орбану выйсці з ізаляцыі, не чакаючы змены ўлады ў Славакіі і на якую ў Будапешце вельмі спадзяюцца. У часы прэм’ерства ў Бабіша былі вельмі напружаныя адносіны з Польшчай. Яго перамога на прэзідэнцкіх выбарах здольная разбурыць цяперашні польска-чэшскі альянс, які з’яўляецца вельмі важным у пытанні лабіравання дапамогі Украіне», – папярэджвае ўкраінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array