Працяг судовага працэсу над кіраўнікамі праваабарончага цэнтру „Вясна” (абноўлена)



17 студзеня суд працягнуў даследаваць пісьмовыя матэрыялы справы, паведамляе „Вясна”. З 283 тамоў за пару дзён ужо вывучылі амаль 40. Судовы працэс праходзіць у хуткім рэжыме.

Па «справе Вясны» падчас следства было дапытана каля 100 сведак, але на сам суд выклікалі толькі некалькі чалавек: галоўных рэдактараў «Народнай Волі» і «Свабодныя навіны плюс», супрацоўнікаў мытнай службы, некалькі праваабаронцаў з рэгіёнаў. Таксама зачыталі паказанні, дадзеныя падчас следства, яшчэ некалькіх праваабаронцаў і галоўнай рэдактаркі «Новага Часу», а таксама двух засакрэчаных сведак са змененымі прозвішчамі.

Астатнія сведкі ў суд не з’явіліся. На працэсе заявілі, што яны даслалі заявы аб разглядзе без іх прысутнасці. Высветлілася, што сведкам па «справе Вясны» суд рассылаў падрыхтаваныя заявы аб няяўцы на суд.

* * *

Сёння, 17 студзеня, у Менску працягнуць судзіць трох вясноўцаў за праваабарончую дзейнасць. На лаве падсудных — старшыня Праваабарончага Цэнтру «Вясны» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

У межах гэтага працэса таксама завочна судзяць Дзмітрыя Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед.

Справу разглядае сумна вядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль.

Пачатак восьмага пасяджэння ў судзе Ленінскага раёна Менска – ў 10:30.