Палітвязня Сяргея Лаўкайціса змясцілі ў ШІЗА другі раз запар



Сяргея затрымалі 5 снежня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 339 КК (Хуліганства) — нібыта ён «падрыхтаваў не менш чым у 4 пластыкавых бутэльках лёгкаўзгаральную гаручую сумесь, якой наўмысна абліў з тыльнага боку гандлёвы кіёск „Табакерка” і падпаліў, у выніку чаго адбылося ўзгаранне». Сяргея асудзілі да трох гадоў калоніі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Сяргея другі раз запар змясцілі ў ШІЗА. Адной з прычын маглі стаць вершы на беларускай і расейскай мовах, якія вязень піша па падзеях у калоніі. Сяргея перавялі ў атрад да Паўла Севярынца і ў іншыю брыгаду. Адміністрацыя цісне на яго праз адмову працаваць «у прадлёнцы» бясплатна. Таксама Сяргея караюць рапартамі за „надуманыя” парушэнні: расшпілены гузік ці у бараку зняў куртку і апрануў майку. Пры гэтым ён адмаўляўся пісаць паясняльную, бо не бачыў сваёй віны.

Падтрымайце Сяргея: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Сяргей Анатольевіч Лаўкайціс

Вясна