Улады Менска збіраюць інфармацыю аб украінцах, якія працуюць у дзяржструктурах
Мінгарвыканкам разаслаў запыт у падпарадкаваныя структурныя падраздзяленні з патрабаваннем прадставіць інфармацыю аб украінцах, якія працуюць там, „незалежна ад даты пераезду ў Рэспубліку Беларусь”. Дакументам з рэдакцыяй Reform.by падзяліўся чытач.

«Прашу сёння, да 14:00, прадставіць інфармацыю аб грамадзянах, якія працуюць у вашай арганізацыі ў якасці асноўнага работніка, месцам нараджэння якіх з’яўляецца Украіна, незалежна ад даты пераезду ў Рэспубліку Беларусь. Форма прадстаўлення інфармацыі прыкладаецца. Інфармацыю прадстаўляць у электронным выглядзе фармаце WORD, на папяровым носьбіце не трэба», – сказана ў запыце Мінгарвыканкама, які быў разасланы ў дзяржаўныя ўстановы.
Для якіх мэт збіраецца інфармацыя, у лісце не ўдакладняецца.
Раней аналагічную інфармацыю збірала кіраўніцтва БЧ аб сваіх супрацоўніках.
«Па распараджэнні намесніка начальніка Беларускай чыгункі (па арганізацыі бяспечнага забеспячэння жыццядзейнасці прадпрыемстваў Беларускай чыгункі) Казлоўскага Ігара Анатольевіча, былі падрыхтаваны спісы працаўнікоў БЧ якія нарадзіліся ва Украіне. Мэта дадзенага мерапрыемства – невядомая», – паведамляў тэлеграм-канал чыгунадарнікаў у кастрычніку мінулага года.
Пазней, паводле @belzhd_live, работнікаў, якія нарадзіліся ва Украіне, выклікалі ў абласныя ўпраўленні КДБ і распытвалі пра сваякоў ва Украіне і пра стаўленне да вайны.