ЗША перададуць Украіне дальнабойныя сістэмы для ўдараў па базах РФ на Крыме



Адміністрацыя Джо Байдэна пастанавіла павялічыць далёкасць ударных узбраенняў, якія атрымлівае Украіна ў рамках вайсковай дапамогі.

Новы пакет, аб якім ЗША, як чакаецца, абвесціць у канцы тыдня пасля сустрэчы краін-хаўрусніц у Нямеччыне, паведамляе Politico са спасылкай на чыноўнікаў, знаёмых з сітуацыяй. Распрацаваныя супольна швэдскім Saab і амерыканскім Boeing, гэтыя сістэмы маюць далёкасць 100 міль, ці блізу 160 км, і па GPS дазволяць украінскаму войску «даставаць» цэлі на поўначы і ў цэнтры Крыма з лініі фронту на берагах Дняпра. Напрыклад, ад Херсона да Еўпаторыі адлегласць складае 170 км, а ад Новай Кахоўкі да Джанкоя – вайсковага чыгуначнага вузла – 150 км.

Пасля месяцаў сумневаў і асцярог, што атака на Крым справакуе эскалацыю, адміністрацыя Байдэна пачынае прызнаваць, што Украіне патрэбны сродкі, каб ударыць па паўвостраве, які стаў ключавым лагістычным цэнтрам для расейскага войска, піша The New York Times са спасылкай на чыноўнікаў.

На думку Белага дома, здольнасць украінскага войска паказаць уразлівасць Крыма ўмацуе пазіцыі Кіева ў будучых перамовах. Да таго ж, пагроза ўжывання ядзернай зброі, на якую неаднаразова намякалі расейскія чыноўнікі аж да прэзідэнта, зменшылася, гавораць крыніцы NYT.

Выкарыстанне вайсковых баз на  Крыме дапамагло расейскаму войску захапіць значныя тэрыторыі на поўдні Украіны, канстатуе амерыканскі чыноўнік. На гэтым тыдні ўкраінскае і амерыканскае камандаванне сустрэнуцца ў Нямеччыне, каб спланаваць наступальную аперацыю і правесці вучэнні.

У ёй будуць задзейнічаны бронемашыны пяхоты Bradley, якія таксама ўвойдуць у новы пакет.

Array