Прызначаны даты разгляду апеляцыйных скаргаў палітвязняў Мікалая Брэдзелева і Арцёма Воўны
У Менгарсудзе 20 студзеня ў закрытым рэжыме будуць разглядаць апеляцыйную скаргу 35-гадовага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева.

Яго асудзілі да 4 гадоў калоніі за „прадастаўленне грашовых сродкаў для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання”. Скаргу будзе разглядаць суддзя Андрэй Кавальчук.
У Вярхоўным судзе 27 студзеня таксама ў закрытым рэжыме разгледзяць апеляцыйную скаргу аднаго з топ-мэнэджараў мабільнага аператара life:) Арцёма Воўны. Яго асудзілі да 8 гадоў калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Скаргу будзе разглядаць суддзя Аляксей Цецюхін, які ў 2010 годзе судзіў палітвязня Мікалая Аўтуховіча.