10 гадоў таму ў Гародні загінуў паэт Юры Гумянюк (абноўлена)



19-га студзеня 2013 года ў Гародні загінуў паэт Юры Гумянюк.

Мінула 10 гадоў з таго трагічнага здарэння. У яго родным горадзе Гародні і ў Беластоку сябры і калегі не забылі творцу. Пра Юрыя Гуменюка згадвае беластоцкая журналістка і пісьменніца Ганна Кандрацюк:

Калісьці пасля „Басовішча” мы запрасілі такіх людзей, якія недзе падчапіліся да нас, яны гасцілі ў нас. Напрыканцы Юрась лёг спаць, бо ўжо стаміўся, а яны пачалі нам даказваць, што няма беларускай мовы, няма беларускай літаратуры. Мой Стэфан кажа: „Як няма? Ёсць энцыклапедыі, слоўнікі”. Кнігі ім паказвае. Яны кажуць: „Няма, няма!”. Я кажу: „Паглядзіце, жывая легенда беларускай паэзіі спіць у нас на ложку”. Гэта іх пераканала.

Яўген Вапа таксама ўзгадвае Юрыя Гуменюка:

Яго трэба было заўсёды прасіць: Юрка, а пачытай нам вершы. Ён пачакае, пакуль пачытаюць іншыя, вып’е пару кілішкаў. І калі ў яго добра папрасілі, ён тады ўставаў – і пачынаўся чарговы тэатр акцёра, і ўсіх ён “забіваў” сваёй тэатральнасцю, тэатралізаваным чытаннем.

У яго ёсць верш, які акрэслівае час жыцця, і яму быць, гэты верш называецца “Заўсёды насуперак”. Ён адлюстроўвае і яго сямейную гісторыю, і тое месца, дзе ён гадаваўся.

Данута Бічэль пра Юрыя Гуменюка:

– Выхаваны тут, у Гародні, на гэтых пластах польскай культуры, таму што ўсё даюць продкі. Ён вось такім быў, і неяк ён потым прытуліўся да гэтай Беласточчыны, да Варшавы, і такім ён і застаўся, і пайшоў. Ён не рабіў халтуры, гэта быў добры пісьменнік.

Юры Гумянюк аўтар шэрагу зборнікаў вершаў і публіцыстычных кніг. Працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага тэатру лялек, карэспандэнтам газеты „Пагоня”, быў аўтарам беластоцкага штомесячніка „Czasopis”. Працаваў таксама журналістам Беларускага Радыё Рацыя і Беларускай службы Польскага Радыё для Замежжа. Беларускія рок-гурты, а таксама асобныя выканаўцы стварылі на тэксты Юрыя Гуменюка каля дзвюх дзясяткаў песень.

Беларускае Радыё Рацыя