Дзень памяці пінскага мастака і грамадскага дзеяча Яўгена Шатохіна
Дзясяты год запар, 22 студзеня, у Пінску паплечнікі і вучні мастака, грамадскага дзеяча Яўгена Шатохіна збіраюцца разам, каб ушанаваць ягоную памяць. Менавіта ў гэты дзень яго заўчасна не стала.

У Пінску Шатохін вядомы як заснавальнік і першы дырэктар дзіцячай мастацкай школы і дэпутат гарадскога Савета ад дэмакратычнага блоку. Краязнаўца Таццяна Хвагіна гаворыць, што гэта была асоба, якая цалкам адпавядае выказванню “таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім”:
– У яго была божая творчая іскра. Ён умеў адрозніць сапраўднае, ад несапраўднага, прыгожае, цікавае, ад непрыгожага і нецікавага, вельмі важнае, ад будзёнага. У яго было такое 100-працэнтнае патрапленне. І ён быў чалавекам, які прадбачыў на гады, як будуць развівацца некаторыя падзеі. Пайшоў на той свет з думкамі, што яго справа не будзе зруйнавана.
У сваіх творах Яўген Шатохін адлюстроўваў прыгажосць беларускага наваколля, замалёўваў гісторыка-культурніцкія аб’екты і ствараў партрэты выбітных беларусаў. Яго творы захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях у розных краінах свету.
Беларускае Радыё Рацыя