Януш Талуць: Памяць пра паўстанне 1863 года важная для этнічных беларускіх земляў
160-я гадавіна паўстання 1863 года адлюстроўвае гістарычную палітыку Беларусі і Польшчы ў стаўленні да гэтага народнага выбуху супраць Расейскай імперыі на тэрыторыі Польшчы, а таксама Вялікага Княства Літоўскага. У Беларусі тэма паўстання Кастуся Каліноўскага – паўзабароненая, а вось у Польшчы вялікая колькасць памятных мерапрыемстваў.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутырала са скульптарам Янушам Талуцем, які стварыў помнік Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах:
– Той, хто хоча зрабіць штосьці такое, то думае не пра грошы, а пра тое, каб яно неяк складна было. У гэтых месцах, у нашым вясковым асяродку, ніколі не было моды на помнікі. Нават на могілках усё вельмі сціпла. Тут трэба было „крыкнуць”, паказаць людзям, якія тут жывуць. Не заўсёды гэтыя адносіны адназначныя, бо за столькі гадоў камуністычная прапаганда зрабіла сваё. Калі парушыш гэтую тэму, то пачынаюцца размовы, якія не заўсёды адпавядаюць гістарычным фактам. Гэтыя людзі не заўсёды пазітыўна ставяцца, бо шмат часу ўжо мінула ад гэтага паўстання – 160 гадоў. Спачатку была замова ад Юрыя Хмялеўскага з Гарадка, але ён хацеў шыльду. Казаў мне: „Зрабі шыльду, я табе эскіз дашлю, каб ты паглядзеў. Можа штосьці памянеш. Мы возьмем камень, на які паставім гэтую шыльду. Каб засталася нейкая памяць, што Кастусь Каліноўскі тут нарадзіўся, жыў і пачаў сваю дзейнасць”. Я кажу: „Давай”. Але для мяне гэта быў выклік, бо я нарадзіўся там недалёка. Мне хацелася зрабіць штосьці добрае, каб пакінуць след пра Студзеньскае паўстанне, а таксама пра сябе. Сродкаў не было, нейкія капейкі былі, але я ўжо не казаў пра нейкія грошы.


Беларускае Радыё Рацыя