Польшча працягне падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы
Польшча працягне падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы. Пра гэта заявіў па выніках сустрэчы са Святланай Ціханоўскай міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

“Польшча падтрымлівала і будзе падтрымліваць дзеячаў беларускай апазіцыі. Падкрэсліў гэта ў гутарцы са Святланай Ціханоўскай, якая была сёння маім госцем у МУСіА. Падчас сустрэчы абмеркавалі таксама сітуацыю беларускіх бежанцаў у Польшчы», – паведаміў Каміньскі.
Удзел у сустрэчы бралі таксама віцэ-міністр Барташ Градэцкі, а з беларускага боку — Павел Латушка, Валерый Сахашчык і Валерый Кавалеўскі.
Бакі абмеркавалі пытанні легалізацыі беларусаў у Польшчы і спрашчэння іміграцыйных працэдур, каб зрабіць іх больш эластычнымі і хуткімі. Таксама гаворка ішла пра выдачу альтэрнатыўных дакументаў новай Беларусі, каб Польшча падтрымала ініцыятыву, над якой працуюць дэмакратычныя сілы. Гэта дапаможа тысячам беларусаў, якія апынуліся ў Еўропе і не маюць належных дакументаў і не могуць вярнуцца ў Беларусь. На сустрэчы закранулі падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, абмеркавалі ўнутраную сітуацыю ў Беларусі ды іншыя пытанні.
Нагадаем, Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у Польшчы. У рамках яе наведвання Варшавы запланаваны сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў краіны, а таксама выступленне ў камісіі Сейма.
Array