Генпракурор Швед паабяцаў не аслабляць рэпрэсіі
Беларускія ўлады клічуць беларусаў, якія з’ехалі, вярнуцца ў краіну, але пры гэтым збіраюцца працягнуць рэпрэсіі. Аб гэтым сёння, 24 студзеня, заявіў генпракурор Андрэй Швед пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта не значыць, што праваахоўны блок і іншыя дзяржаўныя органы аслабяць сваю працу па супрацьдзеянні экстрэмізму. Усе, хто будуць замахвацца на канстытуцыйны лад нашай краіны, паўстануць перад законам, панясуць адказнасць. Наша пазіцыя нязменная, гэта яшчэ раз сёння падкрэсліў і кіраўнік дзяржавы», – заявіў Швед.
Нагадаем, сёння на нарадзе абмяркоўвалася пытанне вяртання ў краіну беларусаў, якія з’ехалі. Было анансавана стварэнне спецыяльнай міжведамаснай камісіі на чале са Шведам, якая будзе ў індывідуальным парадку вырашаць, ці можа чалавек вярнуцца ў Беларусь і на якіх умовах. Пры гэтым, як падкрэсліў Лукашэнка, тыя, хто раскаяўся і вярнуўся, павінны стаць „ябацькамі яшчэ большымі, чым тыя, хто сёння нас акружае”.
Па словах Шведа, пры адсутнасці прэтэнзій з боку дзяржорганаў беларусы, якія жадаюць вярнуцца, атрымаюць дакумент, які можна прад’явіць на мяжы.
«Камісія праверыць інфармацыю і прадставіць дадзеныя як ёсць: што здзейсніў чалавек, якая прадугледжана адказнасць і якія запрацуюць прававыя механізмы ў выпадку раскаяння. Адпаведнае тлумачэнне будзе даваць адказную службовую асобу, і адказ аб адсутнасці прэтэнзій стане дакументам, які можна прад’явіць пры неабходнасці на мяжы і надалей спакойна ісці дадому», – заявіў генпракурор.
Array